Для таго, каб дапасавацца да ўсіх вернікаў, да кожнага стану жыцця, Таварыства дапускае тры ступені. Гэта дае магчымасць уступіць у яго кожнаму чалавеку, без выключэння. Першая ступень прадугледжвае выказванне асабістай згоды і запіс у Кнігу таварыства, што раўназначна адданню сябе ў апеку Маці Божай Апякункі добрай смерці. На другой ступені прадугледжаны запіс у Кнігу і прыняцце на сябе абавязку маліцца кожны дзень раніцай і вечарам тры «Вітай, Марыя» з дадатковай малітвай у канцы: «Маці Божая, Апякунка добрай смерці, маліся за нас! Святы Юзаф, маліся за нас». Асобы, якія належаць да трэцяй ступені, адгаворваюць малітву, вызначаную для другой ступені, а таксама робяць штодзённы рахунак сумлення, акрамя таго, раз у месяц (напрыклад, у першую пятніцу ці першую суботу месяца) прыступаюць да сакрамантаў паяднання і Эўхарыстыі. Для іх таксама прадпісана хаця б кароткая хвіліна цішыні для разважання над годнай падрыхтоўкай да добрай смерці.
У кожную суботу і апошнюю нядзелю месяца ў галоўнай рэзідэнцыі Таварыства ў Францыі адпраўляецца святая Імша ў інтэнцыях Апостальства добрай смерці. У нашай парафіі такая Імша адпраўляецца кожную першую пятніцу месяца а 18-ай гадзіне.
Уступленне ў Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці – гэта найлепшая гарантыя добрай смерці, дзейсным заахвочваннем да добрага выкарыстання часу, які Міласэрны Бог яшчэ дае нам на гэтай зямлі. Частае разважанне пра таямніцу смерці з’яўляецца найлепшым спосабам максімальнага выкарыстання Божых ласкаў і натхненняў у нашым цяперашнім жыцці.
Жанна Закрэўская, на аснове ўспамінаў Ірэны Жаўняровіч і Валянціны Арсоба
07.06.2024