Адвэнт гэта час прыняцця Пана
28 лістапада ў Касцёле распачынаецца Адвэнт — час радаснага чакання Божага Нараджэння. Папа Францішак адзначыў: "Адвэнт — гэта час прыняць Пана, які прыходзіць на сустрэчу з намі; час зазірнуць у будучыню і падрыхтавацца да прыйсця Хрыста".
Адвэнт — адмысловы перыяд у літургічным годзе Касцёла (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 524).  Слова Адвэнт паходзіць ад лацінскага adventus — "прыйсце". Перыяд Адвэнту дзеліцца на дзве няроўныя часткі, якія адрозніваюцца сваёй літургіяй.  Дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня — гэта ўспамін падрыхтоўкі выбранага народа да першага прыйсця Божага Сына.

Адвэнт – час падрыхтоўкі да дня нараджэння Пана, нашага Збаўцы. Ён падараваў нам сваё жыццё, дзеля нашага збаўлення і нашым адказам удзячнасці на такі вялікі дар, з’яўляюцца добрыя пастановы Адвэнту, якія павінны рэалізоўвацца ў паўсядзённасці. Выкананне адвэнтовых пастаноў павінна зрабіць нас хоць бы крышку лепшымі, дабрэйшымі, бліжэйшымі да Стварыцеля. Толькі тады Божае Нараджэнне стане для нас сапраўды радасным святам і будзе дасканалым падарункам для людзей і Бога. Як і ў мінулым годзе, у нашым касцёле на бочным алтары ля фігуры св. Ізыдора будзе знаходзіцца Кніга пастаноў, у якую кожны жадаючы можа запісаць свае намеры на час Адвэнту.

Адным са зручных спосабаў выканання пастаноў з'яўляецца адвэнтовы каляндар. Адвэнтовы каляндар — гэта добрая традыцыя выконваць невялікія заданні кожны дзень на працягу Адвэнту, і яна дапамагае перажыць гэты час надзвычайна плённа.  Як зрабіць адвэнтовы каляндар, можна знайсці ў сеціве. Адзін з цікавых варыянтаў такога каляндара прапануе часопіс "Ave Maria".
Традыцыйна падчас Адвэнту ў панядзелак, сераду і пятніцу а 7-ай гадзіне ў нашай святыні будуць цэлебравацца раратнія святыя Імшы, на якія сардэчна запрашаем дзяцей і дарослых. На свята Божага Нараджэння, як і ў мінулым годзе, плануецца арганізаваць выставу дзіцячых малюнкаў і стаенак "Хрыстос нарадзіўся!". Заахвочваем дзяцей да ўдзелу ў выставе.

Адна з самых прыгожых традыцый Адвэнту – гэта запальванне чатырох свечак у калядным вянку з яловых галінак. Такія вянкі ўпрыгожваюць дамы і святыні ў перадкалядныя дні. Звычайна ўсе чатыры свечкі Адвэнту чырвонага або фіялетавага колеру, але часам адна з іх бывае ружовай.

У першую нядзелю Адвэнту ўрачыста запальваецца першая свечка – свечка «Прароцтваў». Яна сімвалізуе прароцтвы Бібліі, якія папярэднічалі з’яўленню Збаўцы – Езуса Хрыста. Другая свечка запальваецца ў другую нядзелю Адвэнту. Гэта «Бэтлеемская» свечка, якая так названа ў памяць аб падарожжы Марыі і Юзафа ў Бэтлеем і нараджэнні Дзіцяткі Езуса. Трэцяя свечка – свечка «Пастухоў». Гэтая свечка прысвечана пастухам, якія з дапамогай анёлаў першымі знайшлі Дзіця і пакланіліся яму. Трэцяя нядзеля Адвэнту мае назву Gaudete (“Радуйцеся”), таму свечка радаснага, ружовага колеру. Чацвёртая свечка Адвэнту называецца свечка «Анёлаў», яна сімвалізуе анёлаў, якія аб’явіліся пастухам у бэтлеемскай пячоры, паведаміўшы ім пра нараджэнне Дзіцяткі Езуса.
У Адвэнце мы закліканыя адмовіцца ад граху, пераступіць праз свае ўласныя абмежаванні і слабасці і аднавіцца ў любові. Бо Бог надыходзіць, каб прынесці паўнату шчасця. Таму з радасцю бярэмся за ўсе аскетычныя практыкі, каб вызваліцца ад усяго, што нам яшчэ перашкаджае быць чыстымі, вольнымі, па-сапраўднаму любячымі.

Жанна Закрэўская,
па матэрыялах каталіцкіх сайтаў.
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі