Адкрыць сэрца Пану
23 лістапада папа Францішак, вітаючы пілігрымаў, якія сабраліся  на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, блаславіў прысутных і нагадаў, што ў нядзелю (27 лістапада) распачнецца Адвэнт – літургічны перыяд, які папярэднічае святу Божага Нараджэння. “Я жадаю кожнаму з вас адкрыць сваё сэрца Пану”, – сказаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.
Як жа годна перажыць Адвэнт, каб наша сэрца было адкрытым на прыйсце Божага Сына? Разуменне рэальнага сэнсу і ролі Адвэнту абумоўлівае адпаведныя практыкі. Бо калі Адвэнт — гэта не тэорыя, не фальклор, не сентыментальны пабожны звычай, то яго варта ўспрымаць як заклік Касцёла, каб адумацца, выправіцца, перамяніцца да лепшага. Але як гэта зрабіць? Вось некалькі парад, якія дапамогуць не змарнаваць час у перадсвяточнай мітусні, а дапамогуць наблізіцца да Пана Бога.

Зрабіць пастанову

Каб праца над сабой прынесла канкрэтны плён — патрэбна дакладна акрэсленая задача: не стаць увогуле лепшым, але змяніць на лепшае штосьці канкрэтнае ў сваім жыцці. Варта паразважаць над сваімі адносінамі з Богам (можа, недастаткова малюся, не чытаў ніколі Біблію, не цікаўлюся духоўнай літаратурай) і адносінамі з іншымі (з бацькамі, дзецьмі, калегамі, выпадковымі людзьмі на вуліцы ці краме). Пастановы могуць быць рознымі, яны залежаць ад асабістых рэлігійных практык.

Удзельнічаць у раратах

Гэта не толькі добрая пастанова, але і магчымасць вялікай працы над сабой і адчуванне сапраўднай атмасферы чакання Збаўцы. Ранішнія раратнія Імшы ‒ гэта прыгожая даўняя традыцыя Касцёла, якая праз шматлікія сімвалы дапамагае адчуць прыгажосць літургіі і атрымаць асалоду ад прадпрымання канкрэтных высілкаў. У нашай святыні раратнія святыя Імшы будуць цэлебравацца ў панядзелак, сераду і пятніцу а 7-ай гадзіне.
Чытаць Святое Пісанне

Не, гэта не зноў пра пастановы. Гэта пра тое, што немагчыма быць хрысціянінам, не ведаючы Божых законаў, Божага Слова, не разважаючы над ім. Адвэнт ‒ гэта добры час узяць Біблію ў рукі і пазнаёміцца ў ёй з Тым, нараджэння каго мы чакаем.

Добра падрыхтавацца да споведзі

Споведзь ‒ гэта не толькі важная частка працы над сабой, але перш за ўсё сакрамант: значыць момант, калі Бог хоча адарыць нас асаблівай ласкай і дарамі. Нельга зневажаць сакрамантам пакаяння і паяднання, прыступаючы да яго без належнай падрыхтоўкі.
Увесці сямейную традыцыю

Адвэнт і надыходзячае свята Божага Нараджэння напоўнены прыгожымі сімваламі: адвэнтавы вянок, раратнія ліхтарыкі, адвэнтавы каляндар, аплатак, стаенка, калядкі, вігілійная вячэра. Усе яны дапамогуць вашай сям’і разам добра падрыхтавацца да свята (нават самым малодшым яе членам) і перажыць яго ў Божай радасці.

Адвэнтавы вянок можа дапамагчы нарэшце сабраць усю сям’ю разам на вячэрнюю малітву, а адвэнтавы каляндар ‒ заахвоціць да супольнага чытання Бібліі, развучвання калядак, супольнай працы або адпачынку. Усе гэтыя традыцыі павінны ствараць атмасферу не мітусні, а супакою, любові і паразумення ў вашай сям’і.

Адважыцца на «подзвіг»

І ў рэшце рэшт: Адвэнт ‒ добрая магчымасць для католіка выйсці з «зоны камфорту» і пачаць дзейнічаць. Пераадолець сябе, каб стаць добрым для бліжняга і падобным да Хрыста: не баяцца казаць пра сваю веру ў працоўным калектыве, накарміць галоднага (чалавека, а не толькі кацяня), з любоўю паглядзець на псіхічна хворых людзей, зрабіць падарунак для дзяцей-сірот або інвалідаў, скласці ахвяраванне на касцёл або парафіяльны «Caritas». 

Гэта толькі некалькі падказак для вас. Ведаем, што і вам ёсць чым падзяліцца з намі: уласным досведам плённага перажывання Адвэнту, яго традыцыямі ў вашай сям’і. Дасылайце нам вашыя сведчанні на электронны адрас kascelmery@gmail.com і мы абавязкова змесцім іх на нашай парафіяльнай інтэрнэт-старонцы.
Радасць Адвэнту — гэта не проста весялосць з падрыхтоўкі да святаў, а перадусім радасць вызвалення, чування, гатоўнасці да рэальнага і чаканага другога прыйсця любімага і любячага Збавіцеля.

Паводле матэраялаў каталіцкіх сайтаў
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі