Што ж такое базыліка?
Базыліка (з грэч. βασιλικός – каралеўскі, лац. basilica ) – у архітэктуры “выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжанымі радамі калонаў або слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (нефаў, наасаў), якія маюць самастойныя перакрыцці”.
У Старажытным Рыме базылікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, кірмашы і інш. Пазней базыліка стала адным з асноўных тыпаў хрысціянскіх храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў традыцыі Адраджэння і барока.
У Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы XVI ст., пашырыліся ў XVII — XVIII стст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысціянскіх будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку – у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).
Існуе паняцце вялікай і малой базылікі. Вялікая базыліка (лац.: basilica maior) – тытул, які надаецца найвышэйшым па рангу каталіцкім базылікам. Чатыры з іх знаходзяцца ў Рыме: Латэранская базыліка, базыліка Святога Пятра ў Ватыкане, базыліка Святога Паўла за мурамі, базыліка Маці Божай Вялікай. Дзве базылікі ў Асізі: базыліка св. Францішка, базыліка Маці Божай Анёльскай.