Любоўю жыць сябе даваць без меры...
18 сакавіка 50-гадовы юбілей адзначае старшыня  Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Святарская фармацыя Яго Эксцэленцыі пэўны час праходзіла ў нашай парафіі.

Нарадзіўся ў Браславе. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1994 г.) скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

Прэзбітарскае пасвячэнне прыняў у Віцебску 13 мая 2000 года з рук біскупа Уладзіслава Бліна ў прысутнасці арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі.
Гэта былі першыя ў гісторыі маладой Віцебскай дыяцэзіі святарскія пасвячэнні, якія прынялі пяць дыяканаў: Марат Казлоўскі, Вячаслаў Барок, Ян Пугачоў, Валянцін Станкевіч і Алег Буткевіч.

У той жа дзень у Шуміліне адбылася і першая ўрачыстасць ў гонар Маці Божай Фацімскай. На шумілінскі стадыён, дзе адбылося святкаванне, фігуру Маці Божай прынеслі новапрэзбітары.
Першым месцам працы ксяндза Алега ў якасці вікарыя стала парафія ў Наваполацку,  а затым — Мёры. Малады святар адразу ўключыўся ў справы парафіі пад кіраўніцтвам ксяндза Уладаса Пятрайціса. Дапамога ў арганізацыі фестывалю "Пад ветразем Хрыста", моладзевыя сустрэчы, катэхеза — усё гэта дазволіла раскрыць найлепшыя якасці і набрацца святарскага вопыту.
З кастрычніка 2000 года па сакавік 2001 года святарская фармацыя праходзіла пад кіраўніцтвам ксяндза Крыштафа Мянкіны.

Дабразычлівасць, пабожнасць, адказныя адносіны да абавязкаў паспрыялі фарміраванню станоўчага аўтарытэту маладога святара сярод парафіянаў.

Самастойная дзейнасць распачалася з абавязкаў пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. З 2003 г. працаваў пробашчам парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэканам дэканату Віцебск-Паўночны. Увесь гэты час падтрымліваў сувязь з нашай парафіяй і быў яе госцем ва ўрачыстасці і святы.
29 лістапада 2013 г. Святы Айцец Францішак прызначыў кс. Алега Буткевіча біскупам Віцебскім. Біскупскае пасвячэнне прыняў з рук Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці 18 студзеня 2014 года ў Віцебскай катэдры, а ў снежні 2014 года наведаў нашу парафію з афіцыйным візітам.
3 чэрвеня 2015 г. біскуп Алег Буткевіч быў абраны  віцэ-старшынёй, а з 14 красавіка 2021г.  старшынёй Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі заўсёды быў жаданым госцем разнастайных рэлігійных падзей, якія адбываліся ў парафіі.
З нагоды залатога юбілею біскупа Алега Буткевіча, заахвочваем вернікаў аб малітве за нашага ардынарыя: аб здароўі, дарах Духа Святога, каб ён і далей быў сапраўднай галавою дыяцэзіяльнай сям'і і плённа служыў на Божай ніве.

Жанна Закрэўская, фота аўтара і з архіва парафіі
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by