Хрост дзіцяці і бласлаўленне на новы навучальны год
Адразу дзве знамянальныя падзеі адбыліся на святой Імшы а 10-ай гадзіне 4 верасня.  Падчас Літургіі быў удзелены сакрамант хросту, а на заканчэнне Эўхарыстыі прайшло традыцыйнае бласлаўленне дзяцей і моладзі на новы навучальны год і асвячэнне школьных прылад.
Праз сакрамант хросту да нашай парафіяльнай супольнасці далучылася дзяўчынка Паліна. Раздзяліць радасць нараджэння Божага дзіцяці разам з бацькамі прыйшлі шматлікія родныя і блізкія.
На святую Імшу сабралася таксама шмат дзяцей. То тут, то там зіхацелі ўсмешкі на тварах маленькіх школьнікаў, якія прынеслі з сабой заплечнікі і школьныя прылады. Поўныя сіл і энергіі, маладыя людзі прыйшлі каб атрымаць Божае бласлаўленне на новы навучальны год.
Звяртаючыся да дзяцей, ксёндз Уладзіслаў Шарковіч адзначыў: "Асвячэнне школьных прылад і бласлаўленне не з'яўляецца гарантам высокіх поспехаў. Неабходна адказна вучыцца і пастаянна прасіць Духа Святога аб дары мудрасці, каб наша вучоба і наша праца не былі дарэмнымі".
Напрыканцы Імшы ксёндз-пробашч Андрэй Кулік нагадаў, што распачынаецца таксама новы катэхетычны год. Для дзяцей важна не толькі адукацыя але рэлігійнае выхаванне. Запісацца на заняткі па рэлігіі можна ў спадарыні Наталлі Гарноўскай асабіста або па тэлефоне +375336126869.

Жанна Закрэўская
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі