Хай сыйдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі...
22 жніўня а 11-ай гадзіне адбылася галоўная святая Імша на ўшанаванне Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе. Урачыстасці ў Браславе ў гэтым годзе прайшлі ў скарочаным фармаце, аднак, не гледзячы на гэта, на фэст сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але таксама вернікі, сёстры законныя і святары з усёй дыяцэзіі. Напачатку святой Імшы прысутных прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён адзначыў, што ў гэтым годзе з-за пандэміі каронавіруса не арганізоўваліся пілігрымкі з парафій. Тым не менш, на свяце прысутнічалі тыя, хто самастойна прыйшоў у Браслаў пешшу, прыехаў на веласіпедзе, сярод іх 4 пілігрымы з Мёраў на чале з пробашчам Андрэем Куліком. Ганаровым госцем урачыстасцей у Браславе стаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Біскуп Алег звярнуўся да Яго Эксцэленцыі з просьбай узначаліць святую Імшу і прамовіць гамілію.

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў, што наша краіна перажывае  вельмі складаную сітуацыю, якая агаліла шматлікія праблемы, аднак Божае абяцанне збаўлення ажыццяўляецца не ў вырашэнні эканамічных, палітычных і сацыяльных праблем гэтага свету, але ў поўнай даверу душы пакорнай Божай Слугі Марыі.

«Гісторыя збаўлення — гэта пастаянныя намаганні аднавіць адносіны паміж Богам і стварэннем. Евангелле пра Звеставанне дае адказ на пытанне, як аднавіць сяброўства паміж Богам і чалавекам. Марыя не хаваецца ў страху ад Бога, як Адам і Ева пасля грэхападзення, але ўваходзіць з Ім у дыялог. <…> Калі страх з’яўляецца плёнам граху, то давер — гэта плён ласкі. Марыя прадстаўляе новага чалавека з адноўленым даверам да Бога», — падкрэсліў арцыпастыр (паводле catholic.by).

У завяршэнні гаміліі арцыбіскуп зазначыў: "Святы айцец Ян Павел ІІ, калі першы раз наведаў сваю Радзіму, звярнуўся да людзей з заклікам: "Няхай сыйдзе  святы Дух і няхай адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі..." Сёння мы таксама, адзначаючы гэта свята, разам з ім паўтараем "Хай сыдзе Дух Твой і адновіцці аблічча зямлі, гэтай зямлі..." І няхай Марыя выпрасіць ў Бога гэтую ласку..."

Напрыканцы Імшы біскуп Алег Буткевіч зачытаў Акт прысвячэння ўсёй дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы азёраў і Малітву за Айчыну (паводле св. Яна Паўла ІІ).

Перад бласлаўленнем арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў: “Сёння ў гэты складаны час мы з надзеяй глядзім у будучыню, і яна будзе так светлай, як сёння стаў светлым гэты дзень. Былі хмары і вецер, а потым з’явілася сонейка. Марыя, пакажы яшчэ раз, што Ты з’яўляешся нашай Маці, што кожнага з нас ахінаеш Сваім плашчом, а ты — народ Божы, які нягледзячы на пандэміі, так шмат прыбыў сюды, паўтарай разам з Марыяй гэтае “Так”, каб у цемры сучаснасці нашай Бацькаўшчыны заззяла святло Божай ласкі, Евангелля, праўды і любові да бліжняга. Наша гісторыя і наша будучыня ў нашых руках. Выкарыстаем гэты шанец, распачынаючы ад перамены саміх сябе. Як не мы, то хто? Як не сёння, то калі?”

Завяршылася святая Імша беларускім рэлігійным гімнам «Магутны Божа».

Жанна Закрэўская
22.08.2020


Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by