Урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў прайшлі ў Браславе
20-21 жніўня ў Браславе прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. Праграма набажэнстваў была разнастайнай: малітоўныя чуванні, вечар арганнай музыкі, ружанцовая малітва, працэсія  з абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў і свечкамі па вуліцах горада, магчымасць споведзі і Эўхарыстыя.
У пятніцу а 19-ай гадзіне адбылася святая Імша з удзяленнем сакраманту Канфірмацыі, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Затым прайшлі набажэнствы ўсходняга абраду, пасля якіх вернікі склалі свае малітоўныя просьбы і падзякі да Маці Божай перад цудадзейным абразом.
А 23-ай гадзіне з санктуарыя вырушыла працэсія з абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў і свечкамі па вуліцах горада, падчас якой усе разам разважалі над Балеснымі таямніцамі Ружанца.
Апоўначы распачалася святая Імша перад абразом Маці Божай, якую цэлебраваў біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Яго Эксцэленцыя ў сваёй гаміліі звярнуў увагу на тое, што праз Марыю мы хутчэй за ўсё можам наблізіцца да Пана Бога. Існуе шмат разнастайных набажэнстваў і практык на ўшанаванне Маці Божай, таму кожны можа выбраць тое, што яму да спадобы.
Святую Імшу апоўначы сваімі спевамі ўпрыгожыў дзіцячы хор мёрскай парафіі пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч.

21 жніўня а 11-ай гадзіне распачалася ўрачыстая святая Імша на палявым алтары, якую цэлебраваў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх закрануў праблемы сучаснага грамадства: адыход чалавека ад Бога і пакланненне разнастайным бажкам.
На завяршэнне Эўхарыстыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падзякаваў усім за ўдзел у набажэнствах і запрасіў на ўрачыстасці на наступны год.

Жанна Закрэўская, тэкст, фота, відэа.
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі