Сёлета прыпадае таксама 600-годдзе з часу заснавання парафіі ў Браславе і 200-годдзе з часу пабудовы тут мураванага касцёла. З гэтай нагоды на пачатку свята для ўдзельнікаў урачыстасці быў падрыхтаваны гістарычны экскурс, які правялі прадстаўнікі мясцовага краязнаўчага музея.
А 19-ай гадзіне адбылася святая Імша, на якой 70-ці кандыдатам, сярод якіх 6 нашых парафіянаў, быў удзелены сакрамант канфірмацыі. Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB — Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У Літургіі бралі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Святая Імша распачалася з урачыстага ўваходу ў касцёл літургічнай службы, святароў і кандыдатаў да бежмавання. У прывітальным слове біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначыў, што кожны, хто прыбывае ў Браслаўскі санктуарый, адчувае не толькі прыгажосць наваколля, але асаблівым чынам, дзесьці ў глыбіні душы — прысутнасць Найсвяцейшай Панны і тыя шчодрыя ласкі, якія тут атрымлівае чалавек. Моладзі, якая ў гэты дзень прымала сакрамант канфірмацыі, іерарх пажадаў моцы, святла і натхнення Духа Святога.