Гісторыя парафіі
Друя размешчана за 36 км ад Браслава. Населены пункт упершыню згадваецца ў 1386г. З 1611г. Друя была ўласнасцю Сапегаў, вядомая пад назвай "Сапежын". У свой час у Друі, акрама парафіяльнага, меліся два кляштарныя касцёлы.
У 1779г. касцёл быў кансэкраваны біскупам Феліксам Тавяньскім у гонар Маці Божай Анёльскай.
У 1850г. кляштар быў ліквідаваны, аднак яшчэ некаторы час у ім жылі манахі. У 1853г. іх было сямёра, у 1855г. - адзін, які абслугоўваў гэты касцёл. З 1852г. касцёл стаў філіяльным у Друйскай парафіі. У 1854г. святыня і кляштар былі перададзены праваслаўным, і да 1890г. касцёл дзейнічаў як праваслаўная царква. Аднак пасля таго, як згарэў драўляны парафіяльны касцёл, сядзібай парафіі стаў былы бернардынскі касцёл.
У Вялікі Тыдзень1923г. парафію прыняў ксёндз Антоній Зянкевіч.
У 1923г. у Друю прыбылі айцы марыяне. Першым зіх быў айцец Андрэй Цікота МІС (05.12.1891-1914-11.02.1952). Яму біскуп Віленскі Юрый Матулевіч і генерал Кангрэгацыі айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі даручыў арганізацыю кляштара, які быў размешчаны ў будынку былога кляштара бернардынаў. Да 1933 г. настаяцелем кляштара быў айцец Андрэй Цікота МІС.
23 кастрычніка 1924г. марыяне прынялі і парафію. У 1924-1926гг. пробашчам парафіі быў айцец Андрэй Цікота МІС, у 1927-1928гг. - айцец Язэп Германтовіч МІС (20.02.1890-29.06.1913-26.12.1978), у 1928-1938гг. - айцец Юзаф Дашута МІС, у 1938-1939гг. - айцец Вінцэнт Смаліньскі МІС (1909-1936-25.06.1982).
У 1923-1924гг. марыяне займаліся арганізацыяй школы, якая з 1930г. стала гімназіяй імя Стэфана Баторыя.
У 1924г. у друйскім кляштары быў адкрыты навіцыят, у якім да паступлення ў ордэн марыянаў рыхтавалі дзевяць юнакоў. Першым манахам, прынятым у Друйскі кляштар, стаў айцец Казімір Смулька (12.01.1894-19.12.1926-1965).
Служэнне марыянаў у Друі характарызавалася беларускай накіраванасцю, што выклікала варожае стаўленне польскіх свецкіх і рэлігійных уладаў. У выніку 23 чэрвеня 1938г. марыяне беларусы былі дэпартаваны з друйскага кляштара.
28 жніўня 1938г. настаяцелем дома марыянаў у Друі, рэктарам касцёла і дырэктарам гімназіі імя Стэфана Баторыя стаў айцец Яўген Кулеша МІС (08.03.1891-02.10.1921-1941). У пачатку вайны святар быў схоплены савецкімі ўладамі і расстраляны.
Пасля 1939г. марыяне некалькі разоў былі вымушаны пакідаць кляштар. Напрыканцы 1939 года кляштар і гімназія былі закрытыя савецкімі ўладамі. У 1943г. кляштар быў забраны нямецкімі акупантамі і выкарыстоўваўся як пункт ваеннага прызначэння, адтуль выпраўляліся карныя эксапедыцыі.
Пасля 1943г. кляштар марыянаў зноў аднавіў сваю дзейнасць. У 1943-1944гг. тут служыў айцец Генрык Тамашэўскі МІС. У пасляваенны час кляштарная супольнасць складалася з трох братоў, якія паходзілі з навакольных вёсак, а настаяцелем кляштара быў айцец Люцыян Паўлік МІС (21.12.1913-16.04.1944-10.04.2007).
4 ліпеня 1944г. у выніку бамбардзіроўкі ў касцёле пачаўся пажар. Касцёл быш значна пашкоджаны. Разам з парафіянамі айцец Люцыян Паўлік адбудаваў святыню. Асвячэнне адрамантаванага касцёла адбылося 2 жніўня 1948г. падчас фэсту ў гонар Маці Божай Анёльскай.
18 кастрычніка 1950г. ксёндз Люцыян Паўлік быў арыштаваны, знаходзіўся спачатку ў камеры смяротнікаў да 25 сакавіка 1951г., а затым быў накіраваны ў лагер зняволення.
Пасля арышту святара касцёл і кляштар былі зачынены.
17 мая 1956г. айцец Люцыян Паўлік МІС быў вызвалены з лагера і вярнуўся ў Друю, дзе жыў пэўны час без рэгістрацыі. Паколькі ўлады не дазволілі святару служыць у Друі, у 1957г. ён быў вымушаны пераехаць у Задарожжа.
У 1958-1965гг. нелегальнае душпастырскае служэнне ў Друі выконваў біскуп Рыжскі Казімірс Дульбінскіс (05.04.1906-08.05.1932-25.07.1947-17.10.1991). У 1958г. ён быў выдалены з Латвіі за адмову супрацоўнічаць з КДБ перад прыняццем кіраўніцтва Рыжскай дыяцэзіяй пасля смерці яе ардынарыя Петэрыса Стродса. У гэты час біскур працаваў рабочым у пякарні, а восенню - на ўборцы бульбы ў калгасе. У Друі ім апекаваліся сёстры-эўхарысткі, у якіх ён быў нелегальным душпастырам.
Пасля закрыцця касцёла вернікі наведвалі святыні ў Педруі, Ідолце, Мёрах.
У 1989г. святыню вярнулі вернікам. Пачаўся рамонт: быў адноўлены і часткова рэканструяваны ўнутраны дэкор касцёла, а таксама адрэстаўраваны ў 1995-1996гг. барочныя алтары.
У 1989-1990гг. парафіяй апекаваўся ксёндз Уладас Пятрайціс з Мёраў. У 1990г. у Друю зноў вярнуліся марыяне. У 1990-1995гг. пробашчам парафіі быў айцец Антоній Лось МІС (старэйшы), з 1996г. - айцец Генрык Кулеша МІС, у 2001-2004г.г. - айцец Вячаслаў Пялінак МІС, у 2006-2009гг. - айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС, у 2009-2012гг. - айцец Пётр Бярнацкі МІС.
Напрыканцы жніўня 1912г. марыяне пакінулі Друю. З таго часу ў парафіі служаць дыяцэзіяльныя святары: у 2012 - ксёндз Генадзь Добрук з Ідолта, 2013-2024гг. - ксёндз Сяргей Сурыновіч., які на працягу некалькіх гадоў праводзіў грунтоўны рамонт касцёла і кляштара.
31 жніўня 2014г. у Друі ўрачыста адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча, славутага выхаванца Друйскай гімназіі і кляштара. Падчас урачыстасцяў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдзыё Гуджэроцці асвяціў у касцёле барэльеф у гонар біскупа Чэслава Сіповіча.
У 2015-2023гг. пры друйскім кляштары праходзілі мастацкія пленэры, арганізатарам якіх быў ксёндз Сяргей Сурыновіч.
Паводле дыяцэзіяльнага даведніка "Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі", - Мінск: Медысонт, 2019. - 348 с.