Унікальная выставава абразоў адкрылася ў Друі
8 верасня дзякуючы намаганням пробашча кс.Сяргея Сурыновіча ў Друйскую святыню прыбыў абраз Маці Божай Бялыніцкай, а 10 верасня ў былым бернардынскім кляштары была адкрыта выстава абразоў XVII-ХІХ стагоддзяў з касцёлаў Беларусі, што зараз знаходзяцца ў фондах музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук. Падзея вельмі ўнікальная. Абразы пакінулі запаснікі фонда музея трэці раз за ўсю гісторыю прабывання. У кожнага абраза свой лёс, усе яны намоленыя стагоддзямі. Рэалізаваць праект дапамог мастацтвазнаўца Барыс Андрээвіч Лазука, які паходзіць з вёскі Рэпеншчына Браслаўскага раёна.
У нядзелю 12 верасня а 10-ай гадзіне адбылася ўрачыстая святая Імша ля копіі абраза Маці Божай Бялыніцкай (XVII ст.). Перад Эўхарыстыяй доктар біблійнай тэалогіі ксёндз Сяргей Сурыновіч пазнаёміў прысутных з гісторыяй абраза. На святой Імшы было шматлюдна. Многія прыходзілі сем'ямі, прыносілі свае просьбы і кветкі да абраза Багародзіцы.
У сваёй гаміліі, разважаючы над Евангеллем паводле Марка, ксёндз Сяргей адзначыў, што любы абраз, на якім ёсць выява святога, Багародзіцы ці Езуса Хрыста, з'яўляецца тым, што дапамагае верніку пазнаць Бога, пазнаць Валадарства Нябеснае і глыбока ў сваім сэрцы знайсці адказ. Адказ на пытанне: "Кім для мяне, чалавека ХХІ стагоддзя, з'яўляецца Езус?"
Пасля Імшы вернікі памаліліся да Маці Божай Бялыніцкай, а затым наведалі выставу абразоў. Абразы  XVII-ХІХ  стагоддзяў трапілі ў фонд музея з розных куточкаў Беларусі. Сярод іх ёсць абраз "Звеставанне", які паходзіць з Друі.

Больш падрабязна пра выставу можна даведацца з інтэрв'ю, якое даў нашаму сайту ксёндз Сяргей Сурыновіч.
Выстава будзе дзейнічаць да 17 верасня.
Па пытаннях наведвання выставы можна звяртацца да кс. Сяргея Сурыновіча па тэл.+375297153668

Жанна Закрэўская, тэкст, фота, відэа.
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі