WYSIWYG Web Builder
Парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Анёльскай адбыўся ў Друі
2 жніўня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі адзначылі парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Анёльскай. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч.
У Эўхарыстыі бралі ўдзел дэкан Мёрскага дэканату ксёндз Андрэй Кулік, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску ксёндз Аляксандр Грыцкевіч і новы гаспадар парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч. Дэкрэт аб прызначэнні святара на пасаду адміністратара друйскай парафіі зачытаў у гэты дзень канцлер курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч. Парафіяне прывіталі свайго новага душпастыра і пажадалі ксяндзу Вячаславу здароўя, мудрасці і дароў Духа Святога на ніве Пана.

На пачатку Эўхарыстыі ксёндз Вячаслаў Адамовіч падкрэсліў, што хоць успамін Маці Божай Анёльскай адсутнічае зараз у літургічным календары, але мы адзначаем гэтае свята, бо народная традыцыя моцна трывае, а Маці Божая Анёльская асаблівым чынам шанавалася ў друйскай парафіі з моманту яе заснавання.

Пацвярджэннем слоў святара, аб асаблівай пашане Маці Божай Анёльскай у Друі, стаў той факт, што на святую Імшу сабралася даволі шмат вернікаў, сярод якіх то тут, то там зіхацелі дзіцячыя тварыкі.
Пра гісторыю з'яўлення культу Маці Божай Анёльскай распавёў у сваёй гаміліі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч. Прамоўца адзначыў, што гэты культ звязаны з асобай святога Францішка Асізскага. Святы Францішак жыў і працаваў у мясцовасці Парцыюнкула, дзе размяшчалася невялічкая старадаўняя каплічка ў гонар Маці Божай Анёльскай. У 1216 г. Францішку з’явіўся Хрыстус, які абяцаў манаху поўны адпуст для ўсіх, хто пасля споведзі і прыняцця святой Камуніі наведае капліцу. Гэты прывілей быў зацверджаны Папам Ганорыем ІІІ. Культ Маці Божай Анёльскай вельмі хутка пашыраўся, асаблівым чынам у францішканскіх супольнасцях.

У 1646 годзе Казімір Леў Сапега ў Друі, якая тады належыла іх роду і была вядомая як "Сапежын", фундаваў будаўніцтва касцёла і кляштара бернардзінаў (адгалінаванне францішканаў). З таго часу Маці Божая Анёльская асаблівым чынам шануецца ў гэтай мясцовасці.
Урачысты настрой Літургіі ў гэты дзень надаў парафільны хор пад кіраўніцтвам Валянціны Казакевіч. Пад акампаніменты юных скрыпачоў, харысты сваімі спевамі ўслаўлялі Маці Божую і Яе Сына.
Пасля святой Імшы пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце вернікі памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Завяршылася свята спевам гімна Te Deum і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by