Старонкі гісторыі
Сучасны выгляд касцёла
Касцёл у Мёрах мае вельмі багатую гісторыю. Дадзеныя дакумента 1783 года "Стан Мёрскага касцёла і плябаніі на аснове загаду яго яснавяльможнага князя віленскага біскупа Якуба Масальскага ў час яго дыяцэзійнай візітацыі" сведчаць, што касцёл у мясцовасці Мёры, або Міры, спачатку быў праваслаўнай царквой, пабудаванай на сродкі браслаўскага суддзі Себасцяна Мірскага ў 1643 годзе. Праз 40 год, у 1683-ім, яго сыны Ян, Міхал, Уладыслаў, Казімір і Людвік царкву зрабілі касцёлам, у які запрасілі ксяндза Дэнбкоўскага з Друі. У 1780-1781гг. будынак святыні быў адрамантаваны і павялічаны, да 1783-га ён набыў новы выгляд: пастаўлены на падмурак з камянёў, ашаляваны дошкамі, пакрыты гонтам, над уваходам надбудавана вежа. Час і прыродныя з’явы не пашкадавалі святыню. У пачатку ХХ стагоддзя бура канчаткова яе знішчыла.
Ксёндз-канонік Юзаф Бародзіч
Напрыканцы 1905 года ў канцылярыю Віленскага губернатара паступіў рапарт ад ксяндза Юзафа Бародзіча, пробашча ў Мёрах, з прашэннем аб дазволе будаўніцтва новага касцёла. Пасля вялізарнай папяровай валакіты віленскі губернатар дазволіў пабудаваць цагляны касцёл. Святар Юзаф Бародзіч для збору сродкаў сфарміраваў гурты актывістаў, якія раз’ехаліся па ўсёй Расійскай імперыі, а сам накіраваўся на прадпрыемствы ў Варшаву.

Вогненнае слова пастара даходзіла да чулых сэрцаў працаўнікоў, і для святой справы людзі не шкадавалі грошы. Не з пустымі рукамі вярнуліся і касцельныя актывісты з Вільні і іншых гарадоў.
А яшчэ для збору сродкаў на будаўніцтва касцёла распаўсюджваліся спецыяльныя карткі коштам 1 і 5 капеек.
Паштоўка-цагелка на пабудову касцёла
Мясцовыя жыхары таксама дапамагалі будаўнічымі матэрыяламі, прадастаўлялі фурманкі, прапаноўвалі сваю працоўную сілу. Непадалёку ад Мёраў, за возерам, быў пабудаваны завод, на якім выраблялася чырвоная цэгла, а праз возера зрабілі паромную пераправу для хутчэйшай яе дастаўкі. Раствор для кладкі цэглы складаўся з вапны, гліны і бялкоў яек. З навакольных вёсках яйкі збіралі і везлі ў пякарню, дзе аддзялялі бялкі ад жаўткоў. Жаўткі выкарыстоўвалі для печыва, а бялкі везлі да касцёла. Дзякуючы гэтаму метаду, была вельмі моцная кладка.
Паштоўка, 1914 год
Аўтарам праекта святыні ў Мёрах стаў віленскі архітэктар Францішак Філіповіч-Дубовік. Будынак быў спраектаваны як трохнефавая двухвежавая святыня з пяціграннай апсідай, да якой з паўднёвага боку была далучана сакрыстыя. Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчленены ступеньчатымі кантрафорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Сіметрыі галоўнага фасада падкрэсліваюцца ўваходным парталам і акном-ружай. Трох’ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, умацаваны ступеньчатымі кантрафорсамі і раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтральны шчыт. Нефы перакрыты ступеньчатымі скляпеннямі. У бакавыя сцены святыні звонку былі ўмураваны надмагільныя пліты князёў Святаполкаў-Мірскіх, валадароў маёнтку Каменполле.

Летам 1907 года святыня адчыніла свае дзверы.
Паштоўка, першая Імша ў новапабудаванай святыні
Пасля першай Святой Імшы ў новапабудаванай мёрскай святыні  ксёндз Юзаф Бародзіч быў арыштаваны і высланы на Ашмяншчыну.

Наступным пробашчам мёрскай парафіі стаў ксёндз Ян Крыштофік (1907-1910гг.), які працягнуў  унутраныя работы   ў святыні. Затым яго змяніў ксёндз  Хадыка Рамуальд (1910-1913гг.).

З 1913 па 1920 год пробашчам мёрскай парафіі быў ксёндз Станіслаў Грынеўскі, які ўзначаліў антыбальшавіцкае паўстанне на Мёршчыне.

Згодна падання, першае казанне на беларускай мове прагучала ў 1917 годзе. Яго аўтарам быў славуты святар-адраджэнец нацыянальнай і духоўнай культуры беларускага народа Адам Станкевіч, які ў той час працаваў ў Дзісне.
Рэлігійныя выданні
З 1920 па 1926 год пробашчам працаваў Антоні Асціловіч, затым кароткі час Ян Зайкевіч. З 1928 па 1932 год пробашч і дэкан – ксёндз  Рамуальд Свіркоўскі. Яго змяніў наступны душпастыр і дэкан Адольф Сакалоўскі (1932-1937).

У 1937 годзе пробашчам мёрскай парафіі, якая налічвала больш за 5 тысяч вернікаў, стаў Францішак Куксевіч. Ён таксама прыняў пасаду Мёрскага дэкана.  

З 1939 года праз хваробу ксяндза Францішка на дапамогу  яму прыязджалі святары Станіслаў Гурскі з Германавічаў і Стэфан Квяткоўскі з Ёдаў.     
Ксёндз-пробашч
Францішак Куксевіч

Калі  распачалася вайна, мёрскага пробашча Куксевіча ноччу  з 22 на 23 чэрвеня 1941 года арыштавалі агенты НКУС.  Ён адбываў зняволенне ў Беразвеччы каля Глыбокага. Падчас эвакуацыі савецкіх вязняў на ўсход (26 чэрвеня 1941 года) каля мястэчка Мікалаева, паблізу Улы, калона была абстраляна з нямецкіх самалётаў. Каб зняволеныя не ўцяклі, іх пачалі расстрэльваць. Каля 2 тысяч людзей розных нацыянальнасцей загінулі ад рук канваіраў. Сярод іх ксяндзы Францішак Куксевіч і Станіслаў Ілля Эліяш – пробашч парафіі ў Ідолта.

З 1941 па 1949 год пробашчам у Мёрах працаваў ксёндз Ян Завістоўскі, які застаўся ў памяці парафіянаў, як цікавы, з добра развітым пачуццём гумару святар. Ён вельмі адказна ставіўся да падрыхтоўкі дзяцей да Першай Святой Камуніі. Заняткі вяліся ў касцёле ці на свежым паветры. Кожны год некалькі груп дзяцей праходзіла падрыхтоўку.
Ксёндз Ян Завістоўскі з дзецьмі, якія прынялі Першую Святую Камунію, 1946 г.
У час вайны ксяндзу Я.Завістоўскаму зрэдку дапамагаў ксёндз, доктар тэалогіі Юзаф Скукоўскі. У  1944 годзе падчас жудасных баёў на Мёрскай зямлі ў касцёл трапіла пяць снарадаў, быў прабіты дах, але святыня выстаяла. У 1949 годзе савецкія ўлады зачынілі святыню і зрабілі  там зернясховішча. У гэты час пробашчам мёрскай парафіі быў Рычард Стогандль. 23 сакавіка 1954г. мясцовыя ўлады знялі яго з уліку святара. Каб пазбегнуць арышту, ён пакідае Мёры.
Ксёндз-пробашч Ян Грабоўскі
9 студзеня 1954 года, дзякуючы намаганням касцёльнага камітэта, святыню вярнулі парафіянам, а 19 сакавіка была падцверджана рэгістрацыя мёрскага касцёла і парафіі. Пасля ад’езду ксяндза Р.Стогандля касцёл не меў пастаяннага святара да 1956 года. 

У 1956 годзе пасля зняволення ў сталенскім лагеры пачынае ў мёрскім касцёле сваю душпастырскую дзейнасць ксёндз Ян Грабоўскі.

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 1957 года ён здзейсніў рэкансэкрацыю касцёла.

На яго плечы лягла нялёгкая праца святара, бо гэта быў час ваяўнічага атэізму. Людзям забаранялі адкрыта вызнаваць веру, прымаць святыя сакраманты.
Ксёндз Ян Грабоўскі ўдзяляе сакрамант шлюбу
Для таго каб прыняць сакрамант шлюбу або ахрысціць дзіця неабходна было захоўваць сапраўдную канспірацыю (у касцёл прыходзілі па адным, з пэўным прамежкам часу).

Праз некаторы час пасля пераезду ксяндза Грабоўскага ў Мёры сюды пераязджаюць яго маці і брат. Брат ксяндза Яна – Казімір – быў арганістам. Маці  вяла дамашнюю гаспадарку.

30 красавіка 1985 года перастала біцца сэрца ксяндза Яна. Яго пахавалі побач з маці на старых парафіяльных могілках у Мёрах.

Ксёндз-пробашч Уладас Пятрайціс
З 1985 па 2000 год пробашчам, а пазней і дэканам быў ксёндз Уладзіслаў (Уладас) Пятрайціс. Большая частка яго душпастырскай службы ў мёрскай парафіі прыпала на адраджэнне касцёла.

На пачатку сваёй дзейнасці ў Мёрах ксёндз Уладыслаў арганізаваў рамонтныя работы. Былі заменены вокны, зроблены алтары ля бакавых калон, устаноўлена сістэма ўзмацнення гуку. На новых парафільных могілках пабудавана капліца.

Канец 80-х гадоў у СССР, у тым ліку і на Беларусі, характарызуецца змяншэннем уціску з боку ўлады на дзейнасць рэлігійных супольнасцей. Людзям дазваляецца адкрыта вызнаваць веру.

У гэты час у Мёрах пачынаюць праводзіцца працэсіі Божага Цела вакол касцёла. Вернікі з любоўю ўпрыгожваюць алтары-стацыі, а для ўдзелу ў працэсіі рыхтуюць спецыяльныя строі.
Працэсія Божага Цела
Упершыню пасля рэлігійнага праследавання парафію наведвае біскуп, каб удзяліць сакрамант бежмавання (канфірмацыі).

На пачатку 90-х гадоў у раённай газеце “Сцяг працы”, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях пачынаюць з’яўляцца артыкулы аб рэлігійным жыцці мёрскай парафіі.

Дзякуючы ксяндзу Уладзіславу Пятрайцісу, у касцёле мілагучна загучала беларуская мова. Змест літургіі і рэлігійных тэкстаў стаў больш зразумелы для вернікаў. Каб задаволіць усе слаі насельніцтва, Святыя Імшы праводзіліся на трох мовах: у нядзелю а 10-ай гадзіне – на  беларускай мове, а 12-ай – на  польскай мове, у суботу а 19-ай – на  рускай мове.
Выступленне капэлы Р.Шырмы
Касцёл паступова становіцца цэнтрам не толькі рэлігійнага, але і культурнага жыцця. У красавіку 1991 года ў святыні адбылося выступленне Беларускай дзяржаўнай капэлы імя Рыгора Шырмы. Пад зводы касцёла ўзляталі мелодыі класікаў розных эпох і народаў. Грошы,  сабраныя за канцэрт (1450 рублёў), былі перададзеныя раённай бальніцы.

З лютага 1991 года пачала выходзіць парафіяльная газета “Голас душы”, накладам у 500 асобнікаў. Газета друкавалася на мове Тарашкевіча. Галоўным рэдактарам быў У.Пятрайціс.
Парафіяльная газета
"Голас душы"
У выданні асвячаліся не толькі падзеі ў парафіі і касцёле на Беларусі, але і тлумачыліся каталіцкія традыцыі, змяшчаліся малітвы і рэлігійныя спевы на беларускай мове,  праводзіўся  агляд пошты.

На той час не хапала беларускамоўных выданняў рэлігійнага зместу, таму газета “Голас душы” была сапраўды важнай і неабходнай падзеяй у жыцці каталіцкіх вернікаў. На жаль, праіснавала яна нядоўга. Свет пабачыла ўсяго дзевяць нумароў.
Першая пілігрымка "Мёры-Будслаў", 1992г.
У канцы 1991 года пачала працаваць нядзельная школа, заняткі ў якой праводзіліся па розных узроставых групах.

Летам 1992 года адбылася першая пешая пілігрымка “Мёры-Будслаў”. Крыху больш за 30 чалавек вырушылі ў шлях да Маці Божай. Адзенне і галаўныя ўборы пілігрымаў былі аздоблены эмблемай з выявай мёрскага касцёла.
Фэст-Евангелізацыя
"Мы хочам Бога", 1994г.
Акрамя пешых пілігрымак да рэлігійных месцаў, арганізоўваліся і аўтобусныя. Найбольш значнай была пілігрымка ў  Аглону і Шаўляй.

У канцы жніўня 1992 года ў касцёле ўпершыю прайла Святая Імша, на якой адбылося благаслаўленне дзяцей перад пачаткам навучальнага года.

Рэлігійнае жыццё пашыралася. 9-11 жніўня 1994 года ў Мёрах прайшоў фестываль для моладзі (фэст-Евангелізацыя) “Мы хочам Бога”, які быў арганізаваны мясцовым касцёлам. У фестывалі прынялі ўдзел маладзёжныя дэлегацыі з Браслаўскага і

Мядзельскага раёна, горада Мінска і нават з Польшчы.
Падчас фестывалю вернікі маліліся, праводзілі канцэрты, наладжвалі сустрэчы ля вогнішча з танцамі і гульнямі.
Помнік
ненароджанаму дзіцяці
На другі дзень фестывалю быў асвечаны ўстаноўлены на ахвяраванні вернікаў адзіны ў Еўропе помнік ненароджанаму дзіцяці, зроблены скульптарамі Юрыем Аношкам і Алесем Дранцом, архітэктар – Уладзімір Папруга.

У канцы 1995 года ў мёрскі касцёл быў прывезены камень з Ерусаліма. Дэлегацыю са Святой Зямлі ўрачыста сустрэлі святары і вернікі.  Камень змясцілі ў нішу, якая была высечана ва ўнутранай частцы сцяны касцёла.
90-годдзе святыні
Няўмольна ляціць час. У 1997 годзе быў адзначаны 90-гадовы юбілей святыні. У ім прынялі ўдзел апостальскі нунцый Дамінік Грушоўскі, святары суседніх парафій, вернікі.

У 1998 годзе была арганізавана перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Некалькі дзён вернікі мёрскага касцёла мелі магчымасць складаць да ног Маці Божай свае просьбы і падзякі.
Ксёндз-пробашч Уладас Пятрайціс, ксёндз-вікарый Алег Буткевіч з моладдзю і дзецьмі ля помніка Маці Божай Ратавальніцы тонучых
У 1999 годзе на ахвяраванні вернікаў была ўстаноўлена бронзавая скульптура Маці Божай Ратавальніцы тонучых. Па задуме ксяндза-пробашча У.Пятрайціса фігура павінна была размяшчацца на ўзвышэнні ў цэнтры возера, каб быць добра бачнай з ваколіц, аднак улады не дазволілі рэалізаваць гэты праект. Фігуру Маці Божай паставілі ля касцёла.

У 2000 годзе пасля больш чым 60-гадовага перапынку ў мёрскую парафію прызначаецца вікарый. Першым вікарыем стаў Март-Марат Казлоўскі, яго змяніў будучы біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. З таго часу больш за два дзясяткі святароў аказвалі дапамогу пробашчам у іх душпастырскай дзейнасці.

Ксёндз-пробашч Крыштаф Мянкіна
З кастрычніка 2000 года па чэрвень 2019 года  пробашчам у Мёрах працаваў Крыштаф Мянкіна. Падчас яго душпастырскай дзейнасці з’яўляюцца новыя практыкі і традыцыі. Пасля кожнай Святой Імшы адбываецца супольная малітва аб пакліканнях і малітва аб ушанаванні Найсвяцейшага Сакраманту. У нядзелю а 10-ай гадзіне праводзіцца Святая Імша з удзелам дзяцей, а 18-ай - з удзелам моладзі.

Актывізуецца ўдзел парафіянаў у пілігрымках. Так, у 2002 годзе адбылася найбольш масавая пілігрымка “Мёры-Будслаў”, у якой прынялі ўдзел каля 200 пілігрымаў. Мёрскія парафіянне далучаліся да пешых пілігрымак “Друя-Росіца”, шлях якіх ляжаў праз Мёры, а затым пачалі арганізоўваць уласныя пілігрымкі ў Росіцу. З 2009 года здзяйсняюцца пілігрымкі “Мёры-Браслаў”.
Візітацыя, 2006 год
Пасля стварэння Віцебскай дыяцэзіі аднавіліся душпастырскія візітацыі. У 2001 годзе адбылася першая візітацыя біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна ў мёрскую парафію.

Пачынаючы з 2002 года, у Мёрах ў пачатку студзеня праходзіць фестываль “Зорка Бэтлеема”, удзельнікамі якога з’яўляюцца асобы і творчыя калектывы парафій Віцебскай дыяцэзіі. Гасцямі фестывалю неаднаразова былі і прафесійныя артысты.
100-годдзе святыні
У рамках падрыхтоўкі да святкавання  100-годдзя касцёла былі праведзены значныя работы па аднаўленню святыні: перакрыты дах, вокны заменены на пластыкавыя, устаноўлена новая агародджа, перакладзена плітка на падлозе святыні, пафарбаваныя сцены, зроблены новыя лаўкі, аздоблена прыкасцельная тэрыторыя.

У святкаванні юбілею мёрскага касцёла прынялі ўдзел тры біскупы, святары, сёстры законныя, шматлікія вернікі, прадстаўнікі раённай ўлады.
Асвячэнне помніка
Яну Паўлу ІІ
22 чэрвеня 2008 года падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь Сакратара Сталіцы Апостальскай кардынала Тарчызіа Бэртонэ перад касцёлам святых Сымона і Алены ў Мінску быў асвечаны камень пад помнік Слугі Божага Яна Паўла ІІ у Мёрах. 15 жніўня камень быў перададзены ксяндзу-пробашчу.

2 верасня біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін асвяціў помнік, які ўстаноўлены ля касцёла. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел шматлікія госці: прадстаўнікі пасольства Польшчы, святары праваслаўнай і грэка-каталіцкай царквы, удзельнікі восьмага міжнароднага мотапрабегу “Rajd Katynski”, хор з Мінска “Cantus Cordis”.
Пахаванне ксяндза
Уладаса Пятрайціса
Сумным для парафіі стаў 2012 год. 9 мая перастала біцца сэрца былога пробашча мёрскай парафіі Уладаса Пятрайціса. 15 мая на цвінтары касцёла адбылося яго пахаванне.
Вітражы
У 2014 годзе ў алтарнай частцы касцёла быў устаноўлены першы вітраж з таямніцамі святла.  Фундатарам вітража стаў ксёндз-пробашч Крыштаф Мянкіна. Напачатку 2015 года  на ахвяраванні членаў колаў Жывога Ружанца ўстаноўлены другі вітраж з таямніцамі святла, а да парафіяльнага фэсту ў гонар святога Язафата Кунцэвіча ў святыні з’явіўся чарговы – трэці – вітраж у гонар галоўнага тытулу касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фундатарамі вітража сталі сям’я Дарожка і Міёрская сярэдняя школа №3.
Асвячэнне фігуры Маці Божай Ратавальніцы тонучых
4 кастрысніка 2017 года на наберажнай устаноўлена фігура Маці Божай Ратавальніцы тонучых. Асвяціў фігуру 12 лістапада ксёндз-біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

2 верасня 2018 года быў асвечаны дзіцячы цэнтр Caritas. Дзеці атрымалі падарункі, якія ўручыў ім ксёндз Андрэй Аніскевіч, дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі.

Развітанне з пробашчам Крыштафам Мянкіна
16 чэрвеня 2019 года парафіяне развітваліся з пробашчам Крыштафам Мянкінам. Пасля кожнай Святой Імшы гучалі словы шчырай удзячнасці ў яго адрас. На вачах большасці прысутных – слёзы. Нялёгка развітвацца са святаром, які адпрацаваў у парафіі амаль 20 гадоў і ўнёс значны ўклад у яе развіццё.

У раённым выканаўчым камітэце дэкану Міёрскага дэканата ксяндзу-пралату Крыштафу Мянкіна была ўручана падзяка і памятны падарунак за шматгадовую працу на карысць адраджэння Міёршчыны.

Памяць пра святара надоўга застанецца ў сэрцах вернікаў.

Дэкрэтам Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з 23 чэрвеня пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св.Язафата Кунцэвіча і дэканам Мёрскага дэканата прызначаны Андрэй Кулік, вікарыем парафіі – Аляксандр Дулінец.
Асвячэнне мемарыяльнай дошкі
1 верасня 2019 года на сцяне касцёла ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар воінаў-землякоў, якія ваявалі ў складзе арміі У.Андэрса і ў іншых баявых злучэннях на Заходнім фронце. Аўтары ідэі – Павел Лутохін, Арцём Сухойда і Аляксандр Рынкевіч – праўнукі ўдзельнікаў баёў за Монтэ-Касіна. Падтрымаў ідэю былы пробашч мёрскай парафіі Крыштаф Мянкіна. Навуковае абгрунтаванне для ўвекавечання памяці пра землякоў падрыхтаваў Вітольд Ермалёнак. Вырабам дошкі займаўся мастак Аляксандр Чарняўскі.

Гасцямі мерапрыемства сталі намеснік пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцяхоўскі, намеснік старшыні Мёрскага РВК Валерый Драба.

Жанна Закрэўская
Паводле хронікі касцёла і даследчых матэрыялаў краязнаўцы Вітольда  Ермалёнка
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by