WYSIWYG Web Builder
Грамніца паказвае, што Бог побач з намі
2 лютага Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. У нашай традыцыі – гэта дзень, калі аддаём пашану Маці Божай. Але чаму менавіта Марыя з’яўляецца Грамнічнай? I ці патрэбны яшчэ для чагосьці грамніцы?
З аповедаў старэйшага пакалення мы можам не раз пачуць гісторыі аб тым, як раней людзі адыходзілі з гэтага свету. Калі адчувалі, што паволі заканчваецца іх час на зямлі, баяліся адысці без святла, якое асацыіравалася з бяспекай і цёплай апекай Марыі. Тады блізкія падавалі паміраючым людзям характэрную свечку, якая пахла пчоламі. Тыя спакойна закрывалі вочы і адыходзілі ў іншы свет. Верылі, што Маці Божая Грамнічная дапамагае прайсці праз чорны тунэль страхаў і вядзе прама да Хрыста.

Сёння ў дамах рэдка ўжо ёсць па-сапраўднаму зробленая грамніца – якая ззяе натуральным воскам, аздоблена галінкамі, пацеркамі і льном. Мы не ставім яе ў акне для абароны ад маланак (ды і няма ўжо саламяных, лёгкіх на загаранне стрэх). А яшчэ стагоддзе таму ў свята Ахвяравання Пана гаспадары вярталіся ў свае дамы з касцёла з дрыжачымі рукамі. Яны верылі, што калі грамнічная свечка па дарозе згасне, хтосьці з сям’і, верагодна, памрэ на працягу бліжэйшага года. Затым яны “куродымілі” на дошцы столі знак крыжа і абыходзілі з грамніцай усю маёмасць, укленчваючы на кожным парозе. Усё для таго, каб зло не мела ўваходу ў дом.

Маці Божая Грамнічная павінна была аберагаць ад зла, якое ўяўлялася ў вобразе ваўкоў. Менавіта таму Марыя з’яўляецца на абразах і ў літаратуры ў суправаджэнні іх зграі. Ёсць таксама легенда, якая апавядае, што Маці Божая абараніла цэлую вёску ад небяспечных ваўкоў, адпужваючы іх якраз полымем васковай свечкі.
Цяпер мы глядзім на звычаі нашых продкаў, прыжмурыўшы вочы, і задумваемся: ці патрэбна нам яшчэ для чагосьці грамніца? А можа, яна проста ляжыць у шафе і прыпамінае пра дзядуль і бабуль? Сёння гэтая свечка павінна быць найперш знакам, які нагадвае пра Бога, і таму – у свеце, у якім гэтых знакаў усё менш, – па-ранейшаму нам патрэбная. Яе полымя з’яўляецца добрым лекам ад людскіх страхаў, клопатаў і няшчасцяў. Не таму, што мае магічнае дзеянне, якое “адпужвае ваўкоў і маланкі”, а таму, што паказвае: Бог пастаянна побач.

Сімяон, які ўзяў на рукі шасцітыднёвага Езуса (бо згодна з Законам Майсея ачышчэнне жанчыны пасля нараджэння дзіцяці працягвалася 40 дзён), назваў Яго “святлом для асвятлення язычнікаў i хвалой Ізраэля”. Як Марыя занесла тады Езуса ў святыню, так прыносіць Яго сёння нам. І менавіта аб гэтым павінна нагадваць ззянне грамніцы.


Grodnensis.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by