Свята Ахвяравання Пана
У свята Ахвяравання Пана ў літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго.
У свята Ахвяравання Пана на пачатку святой Імшы адбываецца традыцыйнае асвячэнне свечак.  Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.

У гэты дзень, разважаючы над словамі Евангелля паводле Лукі, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік, звярнуў увагу на гісторыю і традыцыі свята, перапляценне Старога і Новага Запавету падчас ахвяравання ў святыні Дзіцятка Езуса і Яго сустрэчы з прарокам Сімяонам і ўдавой па імені Ганна.

Святар падкрэсліў, што прыходзячы ў святыню, мы, як старац Сімяон, які распазнаў у маленькім Дзіцяці Збаўцу свету, хочам распазнаць Езуса ў Божым слове і ламанні хлеба — Эўхарыстыі. Нам таксамам патрэбныя натхненне і Божая ласка для разумення Божага слова, якое скіравана асабіста да мяне, і прыняцця Эўхарыстыі, як духоўнага пасілку на шляху да Божага валадарства.
"Хай сённяшняе свята ў чарговы раз умацуе нас у веры і напоўніць прагненнем частай і рэгулярнай сустрэчы з жывым і праўдзівым Богам праз Святое Пісанне і Эўхарыстыю" — пажадаў на заканчэнне гаміліі ксёндз Андрэй.

Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by