Што такое "Імша грыгарыянская"?
Найбольш эфектыўным сродкам дапамогі для душы ў вызваленні ад пасмяротных караў з’яўляецца Імша-грыгарыянка. Святая Імша грыгарыянская (або грыгарыянка) – гэта назва цыклу 30 святых Імшаў, якія цэлебруюцца ў інтэнцыі адной канкрэтнай памерлай асобы на працягу чарговых 30 дзён (дзень за днём).

Грыгарыянская святая Імша знешне не адрозніваецца ад звычайнай. Аднак яна мае тры галоўныя (абавязковыя) адметнасці:

 

— гэта Імша толькі за памерлага;

— толькі за адну (!) асобу;

— яна павінна цэлебравацца без перапынку трыццаць дзён запар.

 

Практычна выглядае так, што святар на працягу 30-ці дзён цэлебруе па адной св. Імшы ў адной і той жа інтэнцыі (за адну і тую ж памерлую асобу). Толькі па вельмі сур’ёзнай прычыне (непераадольная фізічная, душпастырская ці інш. перашкода) святар можа перарваць паслядоўнасць цэлебрацыі чарговай грыгарыянскай Імшы, але, як толькі мінае перашкода, адразу павінен працягнуць яе справаванне.

 

Назва Імшы — «грыгарыянская» — паходзіць ад імя святога Грыгорыя Вялікага (540–604). Ён быў першым Папам, выбраным з манахаў (бэнэдыктынаў). У чацвёртым томе сваёй кнігі «Дыялогі» гэты святы напісаў цікавую гісторыю пра аднаго з братоў-бэнэдыктынаў. Гэты манах памёр, не паспеўшы ачысціцца ад граху (утаіў ад братоў тры манеты). Імкнучыся неяк дапамагчы памерламу, святы Грыгорый параіў адправіць за яго 30 св. Імшаў (штодзённа адну Эўхарыстыю за збаўленне душы гэтага брата). Якое ж было здзіўленне святара, калі аднойчы ў сне яму з’явіўся памерлы брат, які дзякаваў за тое, што ён нарэшце вызвалены ад мучэнняў. І гэта здарылася акурат пасля трыццатай Імшы за яго душу…

 

З часоў св. Грыгорыя звычай 30-дзённай Эўхарыстыі за памерлую асобу распаўсюдзіўся ў Касцёле па ўсім свеце. Цікава, што пад уплывам розных прыватных аб’яўленняў і пабожнасці часам узнікалі спробы цэлебраваць іншыя св. Імшы па прыкладзе «грыгарыянкі» (напрыклад, 44 Імшы за жывых), але ўсе гэтыя ініцыятывы або не прымаліся, або былі забароненыя Касцёлам як неадпаведныя Бібліі і каталіцкаму веравучэнню.

 

Часам можна пачуць крытычныя заўвагі адносна вялікай колькасці Імшаў: маўляў, ці колькасць малітвы збаўляе і да т.п.Аднак гісторыя рэальных чалавечых жыццяў, веры і практыкі Касцёла адназначна пацвярджае важнасць і дзейснасць грыгарыянскай св. Імшы. Многія дакументы Апостальскай Сталіцы і Саборы ўхвалялі гэты звычай, праўда, засцерагаючы ад магічнага падыходу да яго (пар. Трыдэнцкі Сабор, дакументы 21-й і 22-й сесій; Sacra Congregatione Indulgentiarum, Decretum, De Gregoriano Tricenaсo de Altan 5. Gregorii In Monte Coelioetde Altribus Gregorianisadinstar, 15.03.1884, AAS 16(1884), с. 508–509; Sacra Congregatione Indulgentiarum, De Gregoriano Missarum Tricenario, 24.08.1888, AAS 21 (1888), с. 254–256; Sacra Congregatio Concilii, Declaratio de continuitatae celebrationis missarum tricenarii gregoriani, 24.02.1967, AAS 59 (1967), с. 229–230).

 

Нават звычайнае разуменне таго, што для дарагой нам асобы заўсёды хочацца аддаць найкаштоўнейшае, наводзіць на думку, што чым больш нешта дарыш дарагой асобе, тым больш пацвярджаеш сваю любоў да яе. А ці можа быць нешта большае за Ахвяру Хрыста, за Любоў Бога, за Эўхарыстыю? Хто больш любіць Бога: той, хто рэдка, ці той, хто часта імкнецца ўдзельнічаць у св. Імшы з любові да Яго? Здаецца, адказ відавочны.

 

Таму нармальна, што св. Імша цэлебруецца не адзін раз, і мы прымаем св. Камунію не раз у жыцці, а столькі, колькі можам, бо як любім, так верым і так молімся, і штодзённа імкнемся пацвердзіць сваю любоў канкрэтным дзеяннем. 

 

Паводле ave-maria.by

Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by