WYSIWYG Web Builder
Ксёндз Ян Грабоўскі
30 красавіка мы ўзгадваем гадавіну смерці ксяндза Яна Грабоўскага, які 28 гадоў служыў у Мёрскай парафіі. Яго душпастырская дзейнасць выпала на час ваяўнічага атэізму. Святар быў нявінна асуджаны і амаль 7 гадоў адбываў пакаранне ў лагеры, аднак не згубіў веру і годна рэалізаваў сваё пакліканне.
Ян Грабоўскі нарадзіўся ў 1912 годзе ў Вільні ў сям'і чыгуначніка. Праз некаторы час яго бацькі пераехалі ў Ліду. Там Ян закончыў гімназію імя Караля Хадкевіча і накіраваўся на вывучэнне медыцыны ў Варшаву. Падчас вучобы ў Варшаве юнак адчуў у сабе пакліканне да святарства. Не завяршыўшы навучання медыцыне ён паступае ў духоўную семінарыю ў Вільні. Будучы клерыкам, Ян адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Абараніў магістэрскую працу на тэму "Доказы існавання Бога ў залежнасці ад ступенні быцця паводле святога Тамаша з Аквіну".

Пасля атрымання святарскіх пасвячэнняў у 1936 годзе распачаў сваю душпастырскую дзейнасць у якасці вікарыя  ў парафіі  Алькенікі (Літва). У 1938 годзе быў накіраваны на вучобу ў Рым, аднак распачалася Другая сусветная вайна і святар вярнуўся ў Беларусь. Працаваў вікарыем у Слабодцы на Браслаўшчыне.
Быў пробашчам у парафіях Порплішча і Удзела. Паколькі яго брат Казімір Грабоўскі за актыўны ўдзел у дзейнасці Арміі Краёвай знаходзіўся ў сталенскім лагеры, то і за ксяндзом Янам пільна сачылі агенты дзяржбяспекі. Пад пагрозай зняволення ў 1947 годзе святар пераязджае на душпастырскую дзейнасць у Германавічы, аднак 18 кастрычніка 1949 года ён быў арыштаваны.

Спачатку знаходзіўся ў Глыбокім, а потым быў пераведзены ў Полацк. Асуджаны Полацкім абласным судом на 25 гадоў лагерных работ з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўлення правоў. Этапаваны ва Унжэнскі лагер (станцыя Сухабязводная), дзе працаваў на нарыхтоўцы лесу. Маці святара выгналі з уласнай хаты і яна вымушана была туліцца ў суседзяў, бо хату ў хуткім часе разабралі.

Падчас "хрушчоўскай адлігі" ксяндзу Яну зменшылі тэрмін спачатку да 15 гадоў, а потым цалкам адмянілі. 18 чэрвеня 1956 года святар быў вызвалены.
Вярнуўся спачатку ў Германавічы, але касцёл там быў канфіскаваны, таму адгукнуўся на просьбу вернікаў аб душпастырскай дзейнасці ў мёрскім касцёле. Пасля вырашэння пэўных цяжкасцей з прапіскай ксёндз Ян  распачынае працу ў Мёрах.

Святар прыняў касцёл у жахлівым стане. Працякаў дах, аблупілася фарба на сценах, праз разбітыя вокны ў святыню заляталі птушкі, было шмат смецця. Дзякуючы намаганням ксяндза Яна і вернікаў святыня была адноўлена і ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 1957 года адбылася яе рэкансэкрацыя.

Праз некаторы час пасля пераезду ксяндза Грабоўскага ў Мёры сюды пераязджаюць яго маці і брат. Брат ксяндза Яна – Казімір – быў арганістам. Маці  вяла дамашнюю гаспадарку.

Час ваяўнічага атэізму забараняў адкрыта вызнаваць веру. Для таго каб прыняць сакрамант шлюбу або ахрысціць дзіця неабходна было захоўваць сапраўдную канспірацыю (у касцёл прыходзілі па адным, з пэўным прамежкам часу). Нягледзячы на пераслед у касцёле заўсёды было шмат вернікаў.
Даязджалі таксама вернікі з іншых месцаў. Чэслаў Рачыцкі з Шаркаўшчынскага раёна ўзгадвае: "Касцёла паблізу ў нас не было і ездзіць даводзілася у Мёры, Браслаў, Глыбокае. З Якубова пехатой ішлі да Шаркаўшчыны, на чыгунку, дамаўляліся з машыністам  якога-небудзь таварнага цягніка, каб даехаць у Мёры. Сёння гэта можа паказацца дзіўным, але мы ведалі прыкладны расклад руху цягнікоў, нас сапраўды бралі, і мы так ездзілі!  Кожная святая Імша ў касцёле была для мяне вялікай і пажаданай падзеяй. Справа ў тым, па-першае, што кс. Ян Грабоўскі, які ў 1956 годзе вярнуўся са зняволення, чамусьці мяне заўважыў і прапанаваў стаць харыстам. Адразу я засумняваўся, але пасля таго, як мяне паслухаў арганіст, родны брат пробашча, прафесійны музыкант Казімір Грабоўскі, мае адгаворкі не прымаліся, і я навучыўся спяваць і на латыні, і на польскай мове. У час святой Камуніі мне было даверана сольна выконваць “Agnus Dei” (“Баранак Божы”). Дарэчы, кожны з харыстаў вёў сваю партыю, атрымоўвалася ў нас добра, і гэта вельмі цешыла душу. Спявалі мы не толькі падчас літургіі, але і перад пачаткам святой Імшы, пакуль вернікі запаўняюць храм, і пасля святой Імшы, калі паціху разыходзяцца… Хвалілі Пана Бога, звярталіся да Маці Божай – тэкстаў я ведаў шмат.

Па-другое, была ў мяне яшчэ адна прычына, якая надавала зацікаўленасці ў абавязковым наведванні касцёла ў Мёрах, – Марыся. Маладзенькая і прыгожая дзяўчынка, якая заўсёды была ў касцёле: расстаўляла кветкі, прыбірала, упрыгожвала, нешта ў сакрыстыі запісвала… Назіраў за ёю і зачароўваўся яе сціпласцю і далікатнасцю. Заўважаў, што яна хоць маладая, але моцна набожная…

Аднойчы такі выпадак здарыўся. Падвозіў я (на падводзе) кс. Яна да нябожчыка ў суседнюю вёску, а пасля заехалі на хвіліну да нас на хутар. Разгаварыліся, акурат мая сястра (яна была ўжо замужам, жыла асобна) прыйшла адведаць маму. І кажа яна пробашчу: “Цяжка зараз нашаму Чэсеку, мама зрок згубіла, аперацыю перанесла…”. А ксёндз, доўга не чакаўшы: “То трэба жаніцца. Я нават маю дзяўчынку на прыкмеце, хіба можа замаладая…”. “То хіба ксёндз Ян сватам будзе?” – пажартаваў я.

Сватам кс. Ян у мяне, пэўна ж, не быў, але шлюб з Марысяй, тою самаю “дзяўчынкаю на прыкмеце”,  якая была на дзесяць гадоў малодшаю за мяне, благаславіў. Гэта адбылося ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах 16 верасня 1962 года.  58 гадоў разам. Траіх дзяцей выгадавалі, маем унукаў і праўнукаў."
  Dialog1994.by
Уціск уладаў, знаходжанне ў сталінскім лагеры адбіліся на здароўі святара. Пасля перанясення аперацый і інфаркту 30 красавіка 1985 года яго сэрца спынілася. Развітацца са святаром прыязджалі людзі  не толькі з розных куточкаў Беларусі, але і з суседніх краін. Каля трох тысяч вернікаў праводзілі свайго пастыра ў апошні шлях.
Самаахвярная праца ксяндза Яна Грабоўскага не прайшла дарма. Яго ўласнае жыццё, душпастырская дзейнасць далі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця не аднаму пакаленню вернікаў. Добрая памяць пра святара трывае і сёння ў сэрцы тых, хто яго ведаў.

У наступным годзе мы будзем перажываць 40-вую гадавіну з дня смерці святара, таму просім усіх, хто можа падзяліцца фотаздымкамі, успамінамі або іншымі матэрыяламі пра ксяндза Яна Грабоўскага, аказаць дапамогу. Фотаздымкі можна прыносіць у сакрыстыю або перадаць аўтару артыкула.


Жанна Закрэўская

Паводле матэрыялаў летапісу мёрскай парафіі, кнігі В.Ермалёнка "Святыня над возерам", кнігі Л.Маракова "Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі 1917-1964"


27.04.2024
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by