Каб усе былі адно...
12 лістапада на святой Імшы а 18-ай гадзіне памаліліся аб апецы святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў ксёндз Алег Хмылко, духоўны кіраўнік Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі.
У Эўхарыстыі таксама прынялі ўдзел святары Мёрскага дэканату: пробашч парафіі ў Друі ксёндз Сяргей Сурыновіч і пробашч парафіі ў Ідолта ксёндз Вячаслаў Адамовіч.
Падчас гаміліі ксёндз Алег Хмылко адзначыў: "Святы Язафат быў тым, хто імкнуўся паяднаць людзей на нашых землях. Ён заклікаў да еднасці ў уніі. Калі мы кажам пра еднасць сёння, то яна датычыцца розных сфераў нашага жыцця: сям'і, сяброў, калег па працы. Мы часам згаджаемся з іншымі не таму, што маем такое ж меркаванне, але каб не ўступаць у канфлікт, або каб не шукаць выйсця і кампрамісу. Такая пазіцыя не прыводзіць да еднасці, а наадварот раз'ядноўвае. Згода і еднасць гэта не адно і тое ж... Праз заступніцтва святога Язафата, мы павінны імкнуцца да еднасці з нашымі блізкімі, каб жыць у Божай любові."
Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Алег блаславіў прысутных рэліквіямі святога Язафата, а затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой памаліліся літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Закончылася багаслужэнне гімнам "Цябе, Божа, праслаўляем".
Жанна Закрэўская, тэкст, фота, відэа.
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі