Найсвяцейшая Маці ахвяруе Пану Богу найвялікшы дар, які атрымала, – Сына, Езуса Хрыста, – тым самым прыносячы ў ахвяру сябе. Падобную ахвяру – сябе саміх – у любові да Езуса складаюць кансэкраваныя асобы.
Кансэкраванае жыццё — «стан жыцця, які ўзнікае праз прыняцце евангельскіх парадаў, хоць і не адносіцца да іерархічнай структуры Касцёла, усё ж неад’емна належыць да яго жыцця і святасці», — гаворыцца ў Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору пра Касцёл «Lumen gentium».
У 27 лістапада 2014 года ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас адкрыцця Года кансэкраванага жыцця ў Беларусі, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі монс. Філіпа Чампанэлі адзначыў, што манаскае жыццё мае тыя эфекты, што і жыццё Хрыста – яно збаўляе іншых і збаўляе свет. “Свет збаўляецца не казаннямі, не цудамі, а прыкладам жыцця. Менавіта таму кансэкраванае жыццё актыўнае, яно распаўсюджваецца і ўплывае на іншых, яно як таленты, якімі трэба дзяліцца і з якімі трэба рухацца наперад”.
Сярод тых, хто прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу ў манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, ёсць і нашы землякі: айцы марыяне Міхаіл Цвячкоўскі МІС і Аляксандр Шамрыцкі МІС, дамініканін а.Юрый Шэнда ОР, капуцын а.Алег Шэнда OFMCap, цыстэрц а.Уладзімір Лапацкі OCist. У супольнасці салезіянаў праходзіць фармацыю клерык Міхаіл Вішнеўскі SDB. У жаночых манаскіх супольнасцях працуюць сёстры Валянціна Кузняцова CNPK, Ганна Жаўняровіч FCM, Кацярына Шэнда CSFN. 40-годдзе шлюбаў законных у гэтым годзе адзнача сястра эўхарыстка Ірына Варонька SCJ.
Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асобаў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў свецкіх інстытутах. У гэты дзень паўсюдны Касцёл асабліва моліцца за гэтых асоб. 31 студзеня ў Мінску пройдзе агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця. Заахвочваем усіх парафіянаў і наведвальнікаў сайта далучыцца да супольнай малітвы за кансэкраваных асоб.
Жанна Закрэўская,
30.01.2022