Святы Язафат неВЯДОМЫ ЗАСТУПНІК
12 лістапада 2023 года, у 400-ую гадавіну мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, у Віцебскай катэдры былі падведзены вынікі літаратурна-мастацкага конкурсу "Святы Язафат — неВЯДОМЫ ЗАСТУПНІК". Хоць гэта падзея адбылася 2 месяцы таму, варта пра яе ўзгадаць, бо яна была выніковай для нашай парафіі.
У літаратурна-мастацкім конкурсе мёрскую парафію прадставілі дзяўчаты Соф'я Баран, Валерыя Бабінская, Варвара і Ганна Пяткевіч. Па выніках конкурсу Соф'я Баран адзначана дыпломам І ступені сярод малодшых удзельнікаў (ад 6 да 12 гадоў). Дарэчы, у гэтай узроставай групе было прадстаўлена найбольшая колькасць малюнкаў. Ганна Пяткевіч заваявала дыплом ІІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі ад 13 да 17 гадоў. Валерыя Бабінская і Варвара Пяткевіч атрымалі дыпломы ўдзельнікаў. Пераможцы конкурсу былі запрошаныя на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджвання ў Віцебскую катэдру, дзе з рук біскупа Алега Буткевіча атрымалі дыпломы і падарункі.
Сустрэцца і пагутарыць з удзельнікамі конкурсу атрымалася толькі цяпер. Дзяўчаты з радасцю расказалі пра важную для іх падзею.

Соф'я, Валерыя і Ганна займаюцца ў раённай школе мастацтваў, менавіта там іх выкладчык — Баляслаў Часлававіч Чарняўскі — расказаў пра конкурс і прапанаваў паўдзельнічаць у ім. Да конкурсу дзяўчаты няшмат ведалі пра святога Язафата, акрамя таго, што ён асаблівым чынам ушаноўваецца ў нашай парафіі і яго рэліквіі ёсць у касцёле. Пра біяграфію біскупа-мучаніка дзяўчаты даведаліся ад свайго педагога, які кансультаваў іх і даваў трапныя заўвагі ў ходзе выканання работ.

Варвара Пяткевіч даведалася пра конкурс на занятках па падрыхтоўцы да бежмавання і вырашыла таксама паспрабаваць свае сілы. Пра святога Язафата дзяўчына чула на катэхезе, а яшчэ знайшла інфармацыю ў інтэрнэце. Вырашыла намаляваць алоўкам партрэт, хоць гэта не так проста, аднак у яе склаўся свой вобраз святога.

Сціплыя дзяўчаты не спадзяваліся на высокія вынікі, таму вестка аб перамозе ў конкурсе стала для іх нечаканай і, вядома ж, прыемнай. Яны з радасцю згадзіліся паехаць у Віцебск, бо ў катэдральным касцёле дагэтуль яшчэ не былі.
Святую Імшу ў гэты дзень ў Віцебскай катэдры ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, пасля яе завяршэння, усе накіраваліся ў парафіяльную кавярню. Там была наладжана выстава малюнкаў і адбылася цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў літаратурна-мастацкага конкурсу.

38 малюнкаў было даслана з розных куткоў нашай дыяцэзіі, а таксама з Мінска. Працы вельмі цікавыя, выкананыя ў розных тэхніках. Найстарэйшы ўдзельнік у катэгорыі малюнак меў 64 гады, а наймалодшы  — 7 гадоў. Літаратурных твораў было менш, аднак, як адзначыла журы, вызначыць пераможцаў было вельмі складана.

У Соф'і Баран і Ганны Пяткевіч засталіся вельмі цёплыя ўражанні ад імпрэзы. Дзяўчаты атрымалі не толькі дыпломы і каштоўныя падарункі, але змаглі пазнаёміцца з працамі іншых удзельнікаў конкурсу, а таксама расказаць пра свае работы. Юныя таленты вельмі ўдзячныя свайму выкладчыку Баляславу Часлававічу Чарняўскаму за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу і сваім бацькам за магчымасць наведаць Віцебскую катэдру і атрымаць падарункі з рук Яго Эксцэленцыі.

Жанна Закрэўская, тэкс, фота
Сatholicnews.by, фота
11.01.2024
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by