Памяці святара
9 лістапада 2020 года перастала біцца сэрца ксяндза Леаніда Мозгеля. Святара, які паходзіў  з Гродзенскай дыяцэзіі, аднак душпастырскі шлях якога цесна звязаны з нашай мясцовасцю. У Мёрах 12 лістапада 2002 года ён атрымаў дыяканскія пасвячэнні з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Уладзіслава Бліна. А затым, пасля працы ў парафіях у Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, з 2005 па 2019 гг. аказваў душпастырскую паслугу ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Павяцці. У 2018-2019 гг. быў таксама пробашчам у Ідолце.
Ксёндз Леанід нарадзіўся 26 снежня 1968 года ў в. Карэвічы (Гродзенская дыяцэзія). Быў ахрышчаны 27 студзеня 1969г. у Васілішках. У 2001 годзе скончыў Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гродне. Святарскія пасвячэнні атрымаў 1  мая 2003 года ў Віцебску.

Падчас працы ў Павяцці ксёндз Леанід быў частым госцем і нашай парафіі, асабліва ва ўрачыстасці і святы.
Аказваў дапамогу ў канфесіянале, цэлебраваў святую Імшу. У 2006 годзе ўзначаліў пілігрымку "Мёры-Будслаў".
Ксёндз Леанід быў адкрыты і шчыры чалавек. Вельмі любіў прыроду, асабліва птушак. Шмат часу і намаганняў аддаў аздабленню касцёла ў Павяцці і добраўпарадкаванню прыкасцельнай тэрыторыі.  Аднак асноўная яго заслуга ў фарміраванні парафіяльнай супольнасці. Праз катэхезу, індывідуальныя гутаркі, казанні, святар імкнуўся данесці Слова Божае да кожнага верніка. Ксёндз Леанід застаўся ў памяці парафіянаў як чулы, сціплы, самааданы святар, які прысвяціў сваё жыццё Богу і людзям. Ксёндз Леанід адышоў у вечнасць 9 лістапада 2020 года, днём раней памерла яго маці Станіслава. Пахаваны ў Старых Васілішках.

9 лістапада ў касцёлах Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне (Глыбоцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія) і Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) адбудуцца святыя Імшы ў інтэнцыі ксяндза Леаніда Мозгеля ў першую гадавіну яго смерці. Заахвочваем таксама ўсіх верніў да прыватнай малітвы за ксяндза Леаніда Мозгеля.
Жанна Закрэўская, тэкст, фота
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі