WYSIWYG Web Builder
Літургія слова як частка святой Імшы
У адпаведнасці з Кодэксам кананічнага права (кан.1246), кожны католік абавязаны ўдзельнічаць у святой Імшы кожную нядзелю, а таксама ў абавязковыя ўрачыстасці і святы. Канстытуцыя пра Літургію Другога Ватыканскага Сабору падкрэслівае, што хрысціяне павінны быць падчас Эўхарыстыі не маўклівымі гледачамі, а свядомымі і актыўнымі ўдзельнікамі.
На Імшы ці Вячэры Пана народ Божы збіраецца разам пад кіраўніцтвам святара, які ўвасабляе Хрыста, для цэлебрацыі ўспаміну пра Пана альбо эўхарыстычнай ахвяры. Таму перш за ўсё да мясцовай супольнасці святога Касцёла адносіцца абяцанне Хрыста: "Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх" (Мц 18, 20). Бо пры цэлебрацыі Імшы, у якой вечна здзяйсняецца ахвяра крыжа, Хрыстус рэальна прысутнічае ў самім сходзе людзей, сабраных у Яго імя, у асобе святара, у сваім слове, а таксама сутнасна і бесперапынна ў эўхарыстычных постацях.

Святая Імша складаецца з дзвюх частак, а менавіта: з літургіі слова і эўхарыстычнай літургіі, якія так цесна звязаныя паміж сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеянне – на святой Імшы падрыхтоўваецца стол Божага слова і Хрыстовага Цела, з якога вернікі атрымліваюць настаўленне і падмацаванне. Эўхарыстыя – гэта адзін акт культу, адно цэлае, таму нельга свядома прапускаць які-небудзь "менш важны" момант святой Імшы або спазняцца на яе.

Літургія слова вядзе да сустрэчы з Богам, да непасрэдных зносін з Ім, да ўважлівага слухання слова. Пасля Другога Ватыканскага сабору было вызначана, што ў рымскім абрадзе падчас Эўхарыстыі, якая цэлебруецца ў нядзелю і ва ўрачыстасці, чытаюцца тры фрагменты са Святога Пісання (звычайна гэта фрагменты са Старога Запавету, з Апостальскіх пасланняў і з Евангелля). У буднія дні колькасць чытанняў абмежавана да двух.

Пасля першага чытання, у адказ на пачутае слова, Касцёл спявае псальм. Перад чытаннем Евангелля спяваецца "Аллелюя" — акламацыя, злучаная з вершам, узятым з Евангелля дадзенага дня, толькі падчас Вялікага посту спяваецца іншая акламацыя, пададзеная ў Лекцыянарыі.

Перад чытаннем Евангелля святар, а разам з ім усе вернікі, робяць знак крыжа на ілбе, вуснах і на сэрцы. Сэнс гэтага жэсту заключаецца ў тым, каб прыняць слова Хрыста розумам, абвяшчаць вуснамі і насіць у сэрцы. Пасля  чытання Евангелля святар прамаўляе гамілію — душпастырскую навуку, якая можа датычыцца тлумачэння нейкага аспекту чытання Святога Пісання на гэты дзень або іншага тэксту ў залежнасці ад цэлебраванай таямніцы або асаблівых патрэб слухачоў.

Пасля гаміліі адбываецца супольнае вызнанне веры. Сімвал веры, які спяваецца або прамаўляецца, — гэта перш за ўсё адказ сабранай супольнасці на пачутае Божае слова. Супольнае вызнанне веры — гэта таксама знак еднасці паміж вернікамі: асветленыя Божым вучэннем у літургіі слова, яны ўсведамляюць, што значыць быць хрысціянінам. Завяршаецца літургія слова малітвай вернікаў.

Паводле кнігі "Святая Імша. 100 пытанняў і адказаў"
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by