Адпустовая ўрачыстасць у Лужках
29 верасня ў Лужках адбыліся ўрачыстасці ў гонар Святога Арханёла Міхала, тытул якога носіць парафія і касцёл. Святочную Эўхарыстыю а 15-ай гадзіне ўзначаліў ксёндз канонік Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага суда ў Віцебскай дыяцэзіі і пробашч парафіі святога а. Піа ў Лёзне.
У канцэлебраванай святой Імшы бралі ўдзел дэкан Мёрскага дэканату ксёндз Андрэй Кулік і гаспадар парафіі ксёндз Іван Кароткін. Паслугу ў канфесіянале аказваў ксёндз Вячаслаў Адамовіч, пробашч парафіі Маці Божай Шкаплернай ў Ідолце. На святочную Эўхарыстыю прыбылі таксама сёстры францішканкі Сям'і Марыі з Глыбокага і шматлікія вернікі з Германавіч, Дзісны, Мёраў, Шаркаўшчыны і іншых парафій.

На пачатку Імшы з прывітальным словам да прысутных звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Іван Кароткін, які прадставіў гасцей свята і заахвоціў вернікаў да шчырай супольнай малітвы.
Падчас гаміліі ксёндз канонік Аляксей Ляшко звярнуў увагу на ролю анёлаў у гісторыі збаўлення свету і жыцці кожнага чалавека. Святар адзначыў, што анёлы навучаюць нас сузіранню і пакланенню найвышэйшаму Богу, а гэта, у сваю чаргу, падштурхоўвае да дзейнасці на хвалу Божую і карысць нашых бліжніх. Дзякуючы анёлам зямля і неба знаходзяцца ў безупыннай сувязі. Арханёлы ў гэтай сувязі перадаюць нам моц і святло Бога, а таксама вучаць слухаць і прымаць Яго волю. 

"Распаўсюджванне Евангелля з'яўляецца нашым галоўным заданнем. Дар Божага Слова, які маем, мы не можам утрымліваць у сабе, а павінны перадаваць іншым"
— падкрэсліў прамоўца.
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Іван Кароткін выказаў словы ўдзячнасці святарам і вернікам за супольную малітву, парафіяльнаму хору за музычнае аздабленне Літургіі, а хлопцам-міністантам з Германавіч за паслугу ля алтара.

Пробашча парафіі і вернікаў са святам павіншавала старшыня Лужкаўскага сельсавета Таццяна Краснадубская. Яна адзначыла, што ў гэтым годзе спаўняецца 280 гадоў з пачатку будаўніцтва лужкаўскага касцёла (1744 г.
— заўв. аўт.). За гэты час парафія і святыня пераадолелі шмат выпрабаванняў, аднак дзякуючы Божай волі і апецы Святога Арханёла Міхала парафія і сёння развіваецца.
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога памаліліся Літаніяй да Святога Міхала Арханёла, а затым уславілі Пана Бога Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.
Завяршылася адпустовая ўрачыстасць супольным спевам гімна "Цябе, Бога, праслаўляем".

Жанна Закрэўская

29.09.2024

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by