WYSIWYG Web Builder
Маліцца ўсім сэрцам да Марыі
У пачатку мая цяжка не ўзгадаць, што распачынаецца цудоўная пара, прысвечаная Маці Божай. Каля Найсвяцейшай Панны Марыі збіраюцца дзеці і дарослыя, молячыся праз Яе заступніцтва. Міністранты і моладзь нашай парафіі таксама сабраліся разам 4 мая ў святыні, каб праз маёвае набажэнства праславіць Бога і Яго Маці.
На пачатку набажэнсва ксёндз Алег Зямчонак падкрэсліў, што заўсёды важна маліцца не толькі вуснамі, але сэрцам. Толькі тады наша малітва будзе шчырай і Марыя пачуе нашы просьбы.

Каб падцвердзіць свой намер маліцца сэрцам, міністранты і моладзь на маленькіх папяровых сэрцах напісалі свае імёны і просьбы да Маці Божай. Потым прымацавалі іх да вялікага сэрца і склалі да ног Марыі.
Запаліўшы 12 свечак, як сімвал 12 зорак, што ўтвараюць німб Багародзіцы, і ўзяўшыся за рукі, удзельнікі маёвага набажэнства разам праспявалі Ларэтанскую літанію.

Літанія да Маці Божай — цэнтральная частка маёвага набажэнства — цудоўны гімн дзеля ўшанавання Марыі, дзе праслаўляюцца Яе вялікія цноты і прывілеі, якімі Бог адарыў Яе. Мы звяртаемся да Багародзіцы, якая адначасова з’яўляецца і нашай Маці, самымі рознымі назвамі. У гэтых закліках заключаны глыбокі тэалагічны змест. Яны паказваюць самыя розныя адценні таямніцаў жыцця і веры Марыі.

Пасля літаніі, апусціўшыся з пакорай на калені, прамовілі малітву падзякі і праслаўлення.

Заахвочваем дзяцей і моладзь далучацца да адмысловага маёвага набажэнства, якое будзе адбывацца па суботах а 15-ай гадзіне.

Жанна Закрэўская, тэкст
Уладзіслаў Дзівін, фота


04.05.2024
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by