Цудоўны медалік - плён аб'яўлення Маці Божай Кацярыне Лябурэ
27 лістапада 2030 года будзе адзначацца 200-я гадавіна аб'яўлення Маці Божай святой Кацярыне Лябурэ. У сувязі з гэтым юбілеем па ініцыятыве сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці 27 лістапада 2021 года распачынаецца 9-гадовая навэнна да Маці Божай Цудоўнага медаліка.
У 1894 годзе папа Леў XVIII устанавіў свята ў гонар Цудоўнага медаліка, прапануючы адзначаць яго кожны год 27 лістапада. Цудоўны медалік — плён аб'яўлення Маці Божай Кацярыне Лябурэ. 27 лістапада 1830 г., калі Кацярына малілася ў капліцы, ёй з’явілася Найсвяцейшая Панна Марыя. Тое, што дзяўчына тады ўбачыла, цяпер адлюстроўвае медалік Беззаганнай Марыі Панны. «Няхай па гэтым узоры, што ты бачыш, адальюць медальён. На людзей, якія будуць насіць яго з даверам, сыдзе вялікая ласка», – папрасіла тады Кацярыну Багародзіца.

Калі Кацярына расказала пра ўсё ўбачанае свайму духоўніку а. Аладэлю, ён паставіўся да яе слоў вельмі стрымана. І толькі праз два гады ён пагаварыў з біскупам Парыжа пра аб’яўленні Маці Божай. Нарэшце медалік быў адліты, і адразу пачаўся яго трыумф, бо сведчанняў і паведамленняў пра аздараўленні, як фізічныя, так і духоўныя, было неверагодна шмат.
Руплівым апосталам Цудадзейнага медаліка быў св.Максімельян Кольбэ. "Медалік Беззаганай Панны Марыі, — пісаў ён, — трэба распаўсюджваць усім: дзецям, каб заўсёды насілі яго на шыі, старэйшым і асабліва моладзі, каб пад апекаю Багародзіцы мела дастаткова сілаў супрацьстаяць спакусам і пасткам злога, якіх так шмат у сучасным свеце..."

Максімельян Кольбэ быў ініцыятарам стварэння таварыства "Рыцарства Беззаганнай", якое было закладзена ў 1917 годзе спачатку як малітоўны рух, а праз некалькі гадоў зацверджана Папам Рымскім. На сёння колькасць членаў міжнароднага таварыства дасягае некалькіх мільёнаў. У Беларусі да Рыцарства Беззаганнай належыць каля дзвюх тысяч вернікаў.

Падчас аб'яўленняў Маці Божая паабяцала, што кожны, хто з даверам будзе насіць медалік і з вераю будзе чытаць малітву, змешчаную на ім, спазнае асаблівыя ласкі. Даручым жа кожнага з нас Маці Божай, якая прагне адорваць нас сваімі шчодрымі ласкамі, праз самую кароткую і даверлівую Марыйную малітву: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае».

Падрабязней пра медалік і навэнну да Маці Божай Цудоўнага медаліка можна пачытаць на сайце часопіса "Аve Мaria".
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by