Вечарыну адкрыў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ксёндз Вячаслаў Адамовіч, які коратка пазнаёміў прысутных з творчасцю Алеся Лася і выказаў яму словы ўдзячнасці за магчымасць далучыцца да музычнай спадчыны Беларусі.
Мастак па адукацыі, Алесь Лось праявіў сябе ў розных формах мастацкай дзейнасці. Ён актыўна вывучае гісторыю і культуру беларускага народа, захапляецца музычнай творчасцю і вырабам старадаўніх музычных інструментаў. Аднавіў выраб на Беларусі дуды і ліры.
Цікавасць да музыкі з'явілася яшчэ ў дзяцінстве. Алесь хацеў пачуць як гучаць сапраўдныя дуда, ліра, віола — музычныя інструменты, якіх на той час на Беларусі было няшмат. Ад эмацыйнага голаду гукаў, у яго ўзнікла жаданне паспрабаваць зрабіць гэтыя інструменты. Адной з першых была дуда. Майстра не толькі сам навучыўся рабіць гэты інструмент, але таксама стварыў школу, дзе вучыў гэтай справе ахвотных.
Алесь Лось шмат падарожнічае па розных мясцінах Беларусі і замежжа, дзе ладзіць музычныя гасцёўні. У рамках чарговага праекта, які звязаны з культурнай эпохай барока, майстра вызначыў для сябе чатыры культурныя маркеры — мясціны, у якіх жадае падзяліцца сваім музычным майстэрствам. Першым быў касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Вільні, зараз — Друя, а потым плануе наведаць Мсціслаў і Пінск.
Падчас музычнай вечарыны ў Друі Алесь Лось іграў на музычных інструментах, які зрабіў сам. Неверагодныя і прыгожыя гукі ў руках майстра падаравала ліра карбовая − струнны смычковы інструмент, дзе ролю смыка выконвае кола, якое трэцца аб струны.