На якіх мовах размаўляў Езус?
На якой мове размаўляў Езус? Натуральна меркаваць, што на арамейскай, але пытанне не такое простае, як здаецца.

У першым стагоддзі ў Палестыне размаўлялі на чатырох мовах: латыні, грэцкай, іўрыце і арамейскай. Пакінем латынь у супакоі, паколькі рымскія ўлады выкарыстоўвалі яе толькі пры вырашэнні палітычных і адміністрацыйных пытанняў. Адзіныя надпісы на латыні былі знойдзены ў Кесарыі Прыморскай (дзе жыў губернатар) і ў Ерусаліме.
І наадварот, пасля заваяванняў Аляксандра Македонскага грэцкая мова стала тым, чым сёння з'яўляецца англійская: мовай міжнацыянальных зносін. Надпісы на манетах, якія былі выпушчаны ў час кіравання Ірада Вялікага, выключна грэцкія. Пяць працэнтаў кумранскіх рукапісаў напісаны на грэцкай мове.  Усе, хто займаўся гандлем ці меў справу з неяўрэямі, размаўляў на грэцкай мове. Езус судакранаўся з грэцкай культурай кожны раз, калі разам з Марыяй і Юзафам здзяйсняў паломніцтва ў Ерусалім, - святы, але элінізіраваны горад. Каб размаўляць з рымскім сотнікам, неабходна было выкарыстоўваць агульную мову  (Мф 8,5-13). Але гэта не дае ўпэўненасці ў тым, што Езус валодаў размоўнай ці пісьмовай грэцкай мовай: можна толькі меркаваць, што Ён ведаў яе дастаткова добра, каб разумець і быць зразуметым. У час суда Ён, магчыма, размаўляў з Понціем Пілатам на грэцкай мове  (Ян 18,28-19,12), але, хутчэй за ўсё, пры гэтым прысутнічаў перакладчык.

А як жа наконт іўрыту? Свяшчэнная мова, мова Святога Пісання, усё больш захоўвалася для пісьмовага, а не для вуснага выкарыстання. Лічыўся бясспрэчным той факт, што бібліятэка Кумрана, якая ўтрымлівала ў асноўным тэксты на іўрыце, быццам бы даказвае факт паўсюднага выкарыстання ў першым стагоддзі жывога іўрыту. Аднак шмат тлумачэнняў да Святога Пісання  (targumim) на арамейскай мове, нават у Кумране, паслабляюць ідэю аб тым, што ў часы Езуса існаваў народны іўрыт.

Ці чытаў Езус на іўрыце? Сцэна ў сінагозе Назарэту (Лк 4, 16-30), дзе Езус разгортвае скрутак прарока Ісаі і чытае перад прамовай, дае падставу меркаваць, што гэта так. На жаль, гэта сцэна магла быць напісана святым Лукой пазней, які абапіраўся на свае веды сінагогальнай літургіі, і яе гістарычнасць не гарантаваная. Але прамова Езуса ў сінагозе і абмеркаванне тлумачэнняў Торы з кніжнікамі гаворыць на карысць Яго ўмення чытаць біблійны іўрыт, паколькі ў іншым выпадку Яго не ўспрынялі б усур'ёз.  Іўрыт быў мовай запамінання біблійных тэкстаў.

У Ізраілі, як і на Блізкім Усходзе, у першым стагоддзі асноўнай мовай была арамейская. Езус, верагодна, размаўляў са Сваімі субяседнікамі, прамаўляў і вучыў на арамейскай мове. У Новым Запавеце захаваліся сляды ідыяматычных выказванняў: abbа   ("ойча") для звароту да Бога (Мк 14, 36; Гал 4,6),  talitаcum  ("дзяўчынка, уставай") да дачкі Іяіра (Мк 5, 41), effatа  ("адкрыйся") да глуханямога, і асабліва Яго вокліч на Крыжы Eloі, Eloі lamа sabactаni ("Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?", Мк 15, 34). Лютэранскі багаслоў Іахім Іерэміас пералічыў, за выключэннем  уласных імёнаў, 26 арамейскіх тэрмінаў, якія прыпісваюцца Езусу Евангеллямі ці равіністычнымі крыніцамі.

Падсумоўваючы, можна зрабіць вывад, што Езус быў трылінгвам: Ён крыху размаўляў па-грэцку, звяртаючыся да замежных грамадзян і рымлянаў, чытаў Святое Пісанне на іўрыце і размаўляў на арамейскай, Сваёй роднай мове.

Даніэль Маргера (швейцарскі біблеіст, дацэнт экзегетыкі Новага Запавету на багаслоўскім факультэце Лазанскага ўніверсітэта і ў Папскім біблійскім інстытуце ў Рыме)

Пераклад на беларускую мову паводле рускай рэдакцыі Vatican News.
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by