Да Другога Ватыканскага Сабору гэты сакрамант называўся астатнім намашчэннем, падкрэсліваўся той факт, што ўдзяляўся ён паміраючаму чалавеку і ўжо няма ніякай надзеі на фізічнае аздараўленне. Аднак сакрамант намашчэння хворых – гэта не сакрамант памірання, а сакрамант аздараўлення, і аб гэтым варта памятаць.
Асноўная мэта гэтага сакраманту — надзяліць асаблівай ласкай хрысціяніна, які спазнае рознага роду цяжкасці, выкліканыя хваробай ці састарэлым узростам. «Небяспечна хвораму чалавеку патрэбна асаблівая Божая ласка, каб пад уплывам страху ён не ўпаў духам і, паддаўшыся спакусе, не адступіўся ў веры» («Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі» пункт 5).
Пра надзею на збаўленне і ролю цярпення, у тым ліку людзей хворых, гаварыў у сваёй гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік. Святар звярнуўся да энцыклікі папы Бенедыкта XVI SPE SALVI (Збаўленыя ў надзеі): "Не пазбяганне цярпенняў і не ўцёкі ад болю аздараўляюць чалавека, але здольнасць прыняць іх, сталець у іх і знайсці ў іх сэнс праз аб’яднанне з Хрыстом, які цярпеў з нязмернай любоўю. <...> Цярпець з іншымі, цярпець дзеля іншых; цярпець дзеля праўды і любові да справядлівасці; цярпець з прычыны любові і таго, што становішся асобай, якая сапраўды любіць — вось фундаментальныя элементы чалавецтва, занядбоўванне якіх знішчыла б самога чалавека. <...> Бог настолькі цэніць чалавека, што сам стаў чалавекам, каб мець магчымасць цярпець разам з чалавекам цалкам рэальна, у целе і крыві, як прадстаўлена ў апісанні мукі Езуса. Таму ва ўсе чалавечыя пакуты ўвайшоў хтосьці, хто падзяляе боль і цярпенне; таму ва ўсе пакуты праліваецца con-solatio — суцяшэнне спачуваючай любові Бога, і так узыходзіць зорка надзеі" (цытаты з раздзелаў 37-39).
Пасля гаміліі адбылася супольная малітва і сакрамант намашчэння. Намашчэнне ўдзялялася праз памазанне хворых алеем (ілба і рук) і прамаўленне словаў: «Праз гэтае святое намашчэнне і сваю бясконцую міласэрнасць няхай Пан умацуе цябе ласкаю Духа Святога. Няхай Пан вызваліць цябе ад грахоў, уратуе і міласціва падтрымае. Амэн». Алей для ўдзялення сакраманту намашчэння хворых штогод асвячаецца біскупам падчас святой Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер.
Жанна Закрэўская