Аднак, з прычыны публічнага характару цэлебрацыі гэтага сакрамэнту, асабліва ў Сусветны дзень хворых, узнікаюць шматлікія непаразуменні і злоўжыванні. Каб разабрацца, звернемся да дакументаў Касцёла. У Кодэксе Кананічнага Права сказана, што сакрамант намашчэння хворых можна ўдзяляць верніку, які, дасягнуўшы здольнасці мець здаровае мысленне, апынуўся ў небяспецы смерці з-за хваробы або старасці (пар. ККП, кан. 1004 §1). Катэхізіз Каталіцкага Касцёла ўдакладняе, што варта прымаць гэты сакрамант перад значным хірургічным умяшальніцтвам, а таксама пажылым людзям, стан якіх пагаршаецца (пар. ККК 1515).
Сакрамант намашчэння хворых прымаецца ў стане асвячальнай ласкі (чалавек не мае цяжкога граху і паяднаны з Богам праз сакрамант пакаяння). Калі чалавек адчувае, што мае разарваную сувязь з Богам з-за граху, то перад прыняццем намашчэння трэба прыступіць да сакраманту пакаяння (да споведзі). Выключэннем можа быць толькі непрытомны стан хворага. Намашчэнне хворых не павінна ўдзяляцца тым, хто ўпарта працягвае трываць у яўным цяжкім граху (пар.ККП, кан. 1007).
Прымаючы намашчэнне чалавек спадзяецца атрымаць ад Бога аздараўленне цела. Аднак Касцёл, удзяляючы гэты сакрамант, на першае месца ставіць зусім іншыя дары і ласкі. Кажа аб гэтым Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. У Кампендыі чытаем: «Сакрамант намашчэння хворых удзяляе асаблівую ласку, якая найбольш глыбока яднае хворага з мукай Хрыста дзеля дабра самога хворага і ўсяго Касцёла, адорвае хворага суцяшэннем, спакоем, мужнасцю, а таксама прабачэннем грахоў, калі хворы не мог прыступіць да споведзі. Гэты сакрамант дае, калі гэтага хоча Бог, таксама фізічнае аздараўленне. У кожным выпадку, гэтае намашчэнне рыхтуе хворага да пераходу ў дом Айца» (Кампендый, 319).
Кодэкс Кананічнага Права ўказвае, што блізкія павінны клапаціцца аб тым, каб хворыя атрымлівалі ўмацаванне сакрамантам намашчэння ў адпаведны час (пар.ККП, кан. 1001). Таму напярэдадні Сусветнага дня хворых варта пацікавіцца ў блізкіх пажылых і хворых людзей: ці жадаюць яны прыняць сакрамант намашчэння ў касцёле? Пры станоўчым адказе дапамагчы ім у гэтай справе. Нагадваем, што сакрамант намашчэння ў нашай святыні будзе ўдзяляцца ў нядзелю 11 лютага на святой Імшы а 12-ай гадзіне.
Калі вернікі жадаюць прыняць сакрамант, але па стану здароўя не могуць наведаць касцёл, то можна дамовіцца са святаром аб удзяленні намашчэння дома ў іншы дзень у любы зручны.
Раім пачытаць