Святыя і благаслаўлёныя гэта тыя, хто жыве сярод нас
7 лістапада ў нашай парафіі адбылася сустрэча з сястрой Іераміяй з Кангрэгацыі  Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта. Сястра Іерамія расказала пра сваю супольнасць, а таксама пра 11 благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, якія былі растраляныя немцамі.
1 жніўня 1943 года духоўныя дочкі заснавальніцы ордэна благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай уласнай крывёй «напісалі» мучаніцкую старонку ў гісторыі Кангрэгацыі. Літургічны ўспамін адзінаццаці благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка адзначаецца 4 верасня. Сястра Іерамія нагадала пра трагічны лёс сясцёр назарэтанак, якія ахвяравалі сваё жыццё за сем’і і святара Аляксандра Зянкевіча і былі расстраляныя гітлераўцамі ў лесе пад Навагрудкам. Сястра адзначыла, што сёстры аддалі сваё жыццё за людзей, побач з якімі жылі і працавалі, за якіх і разам з якімі маліліся. Благаслаўлёныя і мужныя заступніцы перад Богам з аднаго боку, а з другога — звычайныя ахвярныя сёстры, якія з вялікай любоўю выконвалі свае простыя штодзённыя абавязкі. Многія сёстры паходзілі з Беларусі.
Напрыклад, сястра Стэла, самая старэйшая ў тагачаснай супольнасці, паходзіла з Клецка. Самая ж малодшая, сястра Барамэя, была ахрышчана 17 студзеня 1917 года ў парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. А гады дзяцінства сястры Канізіі праходзілі на Магілёўшчыне. Таксама і Слуга Божы ксёндз Аляксандр Зянкевіч, за якога сёстры ахвяравалі сваё жыццё, паходзіў з Дунілавічаў.
З мэтай пашырэння культу благаслаўлёных сясцёр мучаніц і азнаямлення вернікаў з дзейнасцю Кангрэгацыі сёстры выдалі адмысловы каляндар «Слядамі сясцёр назарэтанак па Беларусі» на 2022 год, у якім ёсць апісанне каталіцкіх традыцый, абразы з беларускіх святыняў, малітвы і літаніі да Найсвяцейшай Сям’і з Назарэту і нават назарэтанскія рэцэпты. Каляндар на 2022 год, а таксама  кнігу Марыі Стажыньскай "Адзінаццаць мучаніц", пра сясцёр назарэтанак з Навагрудка можна набыць у парафіяльным кіёску нашай святыні.
Сястра Іерамія дала інтэрв'ю нашаму сайту, у якім распавяла пра Кангрэгацыю сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта і асаблівасцях яе дзейнасці на Беларусі.
Жанна Закрэўская, тэкст, фота, відэа
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі