У Новым Пагосце завяршылася 40-гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту
Штогод 17 верасня ў дзень атрымання стыгматаў святым Францішкам Асізскім (1223г.) у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Новы Пагост адзначаецца ўрачыстаць. Гэты дзень у парафіі асаблівым чынам пачалі ўшаноўваць з другой паловы ХІХ стагоддзя, калі тут пэўны час працавалі айцы францішкане.
Урачыстасці традыцыйна папярэднічала 40-гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.  Аднак пэўны час гэта рэлігійная практыка была страчана. У 2016 годзе вернікі парафіі звярнуліся да пробашча  з прапановай аднавіць традыцыю.

40-гадзінная адарацыя распачалася святой Імшой апоўначы 16 верасня. У сваёй гаміліі пробашч парафіі ксёндз Аляксей Асон нагадаў пра значэнне і духоўны плён для парафіі і кожнага верніка 40-гадзіннай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту перад днём атрымання стыгматаў святым Францішкам.

"...Стыгматы - гэта раны. Раны ў нашым жыцці бываюць розныя: фізічныя, духоўныя. Праз раны, праз тое, што нам баліць мы можам далучыцца за збаўчай мукі Хрыста. Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту дапамагае нам вылечыць духоўныя раны..."
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і яго адарацыя ў цішыні. Далей праграма прадугледжвала як супольную малітву: Ружанец, Анёл Панскі, Вяночак да Божай Міласэрнасці, так і прыватную. Праз увесь час адарацыі ў касцёле былі вернікі. Многія парафіяне правялі не адну гадзіну перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Падчас 40-гадзіннай адарацыі была магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі.
17 верасня а 18-ай гадзіне адбылася ўрачыстая святая Імша ў гонар атрымання стыгматаў святым Францішкам. Узначаліў Эўхарыстыю пробашч парафіі ў Дунілавічах дэкан Пастаўскага дэканату ксёндз Павел Самсонаў.

У сваёй гаміліі ксёндз Павел спыніўся на асобе святога Францішка, як прыкладзе чысціні і пакоры. "Святы Францішак не толькі верыў, але давяраў Богу сваё жыццё, свае цярпенні. І праз гэта нёс дабро і супакой у тое асяроддзе, дзе прабываў... Мы павінны цаніць адзін аднаго і як святы Францішак маліцца і давяраць сваё жыццё Богу..."
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Аляксей Асон падзякаваў святарам за ўдзел у Эўхарыстыі і паслугу  ў канфесіянале. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас парафіянаў, якія прынялі ўдзел у 40-гадзіннай адарацыі. Затым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, перад якім супольна памаліліся Літанію да святога Францішка і праспявалі гімн "Цябе, Божа, праслаўляем". Завяршылася ўрачыстасць бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.
Пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Пагосце ксёндз Аляксей Асон даў інтэрв'ю нашаму сайту пра гісторыю ўзнікнення і аднаўлення традыцыі 40-гадзіннай адарацыі.
Жанна Закрэўская, тэкст, фота, відэа.
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі