Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз канонік Аляксей Асон заахвоціў задумацца над тым, якое значэнне для кожнага веруючага чалавека мае Найсвяцейшая Тройца. Святая Тройца — гэта адзіны Бог у трох асобах: Айцец, Сын і Дух Святы. Гэтыя тры асобы ўвесь час камунікуюць паміж сабой, размаўляючы мовай любові і малітвы. Нам немагчыма зразумець гэтую таямніцу і адну з галоўных праўдаў нашай веры, тым не менш дзякуючы Святой Тройцы мы можам маліцца. Праз анёлаў, якіх паслаў Бог Айцец, мы атрымалі малітву "Вітай, Марыя...". Езус Хрыстус — Сын Божы, навучыў нас малітве "Ойча наш". Дзякуючы дзеянню Духа Святога мы ўзносім свае малітвы да Пана Бога. Таму кожная наша малітва — гэта магчымасць быць разам з Найсвяцейшай Тройцай. Святая Тройца — гэта фундамент любові. Яна яднае нашыя сем'і і парафіяльную супольнасць, вучыць жыць у любові адзін да аднаго і да Пана Бога.