Пакліканне - гэта таямніца Божага абрання
21 лютага Мёрскі дэканат наведалі студэнты І курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыі ў Гродна на чале са сваім куратарам ксяндзом Паўлам Эйсмантам. Студэнты акрамя Мёраў пабывалі таксама ў Дзісне і Ідолце, дзе расказалі пра сваю навучальную ўстанову і спецыфіку яе дзейнасці.
Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семiнарыя ў Гродна адзіная навучальная ўстанова ў Беларусі, якая рыхтуе каталіцкіх святароў. На сённяшні дзень у ёй навучаецца 24 чалавекі з усёй Беларусі, у тым ліку і з нашай парафіі. Працэс падрыхтоўкі да святарства паводле новага Ratio Fundamentalis Institutionis Sacerdotalis (дакумента Святога Пасаду, які ўстанаўлівае нормы фармацыі кандыдатаў да пасвячэння) ад 8 снежня 2016 года працягваецца сем гадоў, уключаючы ў сябе інтэгральную фармацыю: чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастырскую.
У працэсе падрыхтоўкі семінарысты ўзрастаюць у веры, будуючы фундамент духоўнага жыцця праз розныя аскетычныя практыкі, і пазнаюць сябе як чалавека на розных узроўнях; вывучаюць філасофскія і тэалагічныя прадметы, а таксама замежныя і класічныя мовы і дапаможныя дысцыпліны. Акрамя духоўнага фарміравання і інтэлектуальнай падрыхтоўкі прадугледжана літургічная практыка ў парафіях.
Навучанне студэнтаў І курса з 2018 года ажыццяўляецца ў Мінску пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў. На сённяшні дзень там займаецца 8 кандыдатаў на святарства. Далейшае навучанне студэнты прадоўжаць у Гродна.
Падчас сустрэчы з парафіянамі семінарысты і іх куратар заахвочвалі вернікаў да малітвы за святароў, кандыдатаў на святарства, а таксама аб новых пакліканнях. У сваю чаргу яны абяцалі маліцца за ўсіх вернікаў, асабліва за ахвярадаўцаў на карысць семінарыі (ахвяраванні ў нядзелю прызначаліся на патрэбы Духоўнай семінарыі).