Пад апекай святога Губерта
6 лістапада на святую Імшу а 8-ай гадзіне завіталі прадстаўнікі грамадскага аб'яднання "Паляўнічы клуб "Наш ганчак", каб памаліцца аб апецы святога Губерта ў паляванні. Святы Губерт узгадваецца ў літургічным календары 3 лістапада і з'яўляецца апекуном леснікоў і паляўнічых. 
Клуб "Наш ганчак" быў заснаваны 6 сакавіка 2018 года з мэтай папулярызацыі пароды Беларускі ганчак, арганізацыі кіналагічных мерапрыемстваў і паляванняў. Значную ўвагу чальцы клуба надаюць папулярызацыі культуры палявання.  Прадстаўнікі розных канфесій праз супольную малітву да свайго апекуна імкнуцца праводзіць свой адпачынак так, каб ён наносіў мінімальную шкоду жывой прыродзе.
Святы Губерт нарадзіўся ў Тулузе (правінцыя Гасконь) у 655 (альбо 656) годзе, паходзіў з франкскага каралеўскага роду Меравінгаў. Ад бацькі малады Губерт пераняў любоў да палявання і з дзяцінства хадзіў на ловы. Ва ўзросце 14 гадоў падчас палявання на мядзведзя ў Пірынейскіх гарах хлопец выратаваў свайму бацьку жыццё. Малады Губерт знаходзіўся на службе і часцей за ўсё бавіў час на паляванні. Некаторыя крыніцы гавораць, што пасля смерці жонкі ў родах ён вёў разгульны лад жыцця.

У Вялікую пятніцу 695 года Губерт накіраваўся на паляванне ў Ардэнскія горы. Падчас гэтай выправы паляўнічы сустрэў белага аленя з крыжам на рагах і пачуў голас Творцы: «Губерт, калі ты не навернешся да Бога і не ўзвысішся святым жыццём, то хутка за грэх распусты трапіш у пекла». Губерт перажыў сапраўднае навяртанне і стаў святаром, а затым біскупам Льежы. Пасля смерці святога ў 727 (728) годзе яго культ распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Яго лічаць сваім нябесным заступнікам не толькі паляўнічыя і леснікі, што вынікае з захаплення святога Губерта паляваннем, але таксама спартсмены, гарбары, матэматыкі. Да яго звяртаюцца, просячы аб ацаленні лунатыкаў, хворых на эпілепсію. Святы паляўнічы — заступнік не толькі людзей, яго просяць аб абароне сабак ад шаленства.

Паколькі Губерт Льежскі — гэта святы, які жыў да падзелу хрысціянскага Касцёла, яго святасць вызнае не толькі Каталіцкі Касцёл, але і Праваслаўная Царква. Сімвал святога — алень з крыжам на рагах.
Catholic.by
Жанна Закрэўская, тэкст, фота.
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі