WYSIWYG Web Builder
Ватыкан: агучаны падрабязнасці Года малітвы, абвешчанага як падрыхтоўка да Юбілею 2025
23 студзеня ў Ватыкане Дыкастэрыя па справах Евангелізацыі правяла прэзентацыю ініцыятыў і  інструментаў, якія рыхтуе для Касцёлаў, дыяцэзій і вернікаў па ўсім свеце для плённай духоўнай падрыхтоўкі падчас 2024 Года малітвы.
Як паведамляе інтэрнэт-выданне Aleteia.org, афіцыйна Год малітвы Папа Францішак распачаў падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» 21 студзеня, але раней ужо згадваў пра яго.

«Няхай гэта будзе інтэнсіўны год малітвы, які адкрые сэрцы на прыняцце Божай ласкі», — так у лісце ад 11 лютага 2022 года Пантыфік ахарактарызаваў Год малітвы, які стане падрыхтоўчым перыядам да Юбілею 2025 года. Гэтыя словы Святога Айца нагадалі падчас прэс-канферэнцыі ў Ватыкане.

«Год малітвы — гэта прывілеяваны час, каб нанава адкрыць каштоўнасць малітвы і неабходнасць штодзённай малітвы ў хрысціянскім жыцці», — падкрэсліў арцыбіскуп Рыно Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па справах Евангелізацыі, якая арганізуе мерапрыемства. «Гэта нібы аазіс, абаронены ад штодзённага стрэсу, дзе малітва становіцца падсілкоўваннем хрысціянскага жыцця веры, надзеі і любові».

Каб падрыхтавацца да Юбілею 2025 года, арцыбіскуп Фізікела патлумачыў, што для мясцовых супольнасцяў важна развіваць і ўдзельнічаць у малітоўных ініцыятывах, асабліва ў сучасным свеце.

«Чым мацнейшы крык тэхналогій, які, здаецца, адпавядае ўсім нашым жаданням, тым глыбей мы прыглядаемся да пошуку сапраўднай духоўнасці, якая вяртае кожнага чалавека да сустрэчы з самім сабой у праўдзе свайго існавання і, такім чынам, у паслядоўныя адносіны з Богам», — растлумачыў іерарх.

Гэты год — «час, каб даведацца, як маліцца, і перш за ўсё, як выхоўваць сучасных людзей у малітве ў эпоху лічбавай культуры».

Арцыбіскуп Фізікела таксама нагадаў, што була Папы Францішка, якая афіцыйна абвяшчае Юбілей, будзе апублікаваная 9 мая.

Catholic.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by