WYSIWYG Web Builder
Мёрскія парафіяне здзейснілі аўтобусную пілігрымку ў Будслаў
11 мая, у трэцюю гадавіну пажару ў Будславе, вернікі нашай парафіі здзейснілі аўтобусную пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый, каб скласці свае падзякі і просьбы да Маці Божай. Прыемнай нечаканасцю для пілігрымаў стала сустрэча і супольная малітва з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.
Аўтобусная пілігрымка да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай у маі, калі няма ніякіх урачыстасцяў, на першы погляд падаецца нязвыклай, аднак час для яе быў абраны невыпадкова. Па-першае, месяц май прысвечаны Багародзіцы, калі кожны дзень у святынях адбываецца маёвае набажэнства ў Яе гонар. Па-другое, падчас фэсту ў Будславе вельмі шмат людзей, таму не заўсёды ёсць магчымасць наблізіцца да абраза Маці Божай і пабыць сам-насам з Марыяй. І, нарэшце, на суботу, вольны ад працы дзень, выпала ў гэтым годзе гадавіна пажару ў Будслаўскім санктуарыі, які адбыўся 11 мая 2021 года.

У дарогу вырушылі раніцай. Уладкаваўшыся ў аўтобусе, распачалі ружанцовую малітву і не заўважылі, як праз дзве гадзіны былі ўжо на месцы. Да пачатку набажэнстваў быў яшчэ час, таму вернікі мелі магчымасць пазнаёміцца з ходам прац па аднаўленні Будслаўскай святыні, а таксама памаліцца перад абразом Маці Божай і адмысловымі крыжамі, якія зробленыя з абгарэлых пасля пажару бэлек перакрыццяў касцёла.

А палове дванаццатай у святыні распачалася ружанцовая малітва. Ахвотныя маглі таксама скарыстацца сакрамантам споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць удзел у святой Імшы.
А 12-ай гадзіне распачалася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На пачатку святой Імшы прысутных прывітаў пробашч Будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік. Святар узгадаў пра сумную падзею ў гісторыі Нацыянальнага санктуарыя і падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за прысутнасць і малітоўную падтрымку у гэты дзень.
У сваю чаргу старшыня беларускага епіскапату падкрэсліў, што святую Імшу цэлебруе ў інтэнцыі тых, хто дапамагаў тушыць пажар, ратаваў маёмасць, падтрымліваў малітоўна, прычыніўся да аднаўлення святыні. Таксама за ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы якім святыня паступова набывае новы выгляд.

У сваёй гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў прысутных быць сведкамі Змёртвыхпаўстання Пана і як апосталы абвяшчаць добрую навіну. Цытуючы словы Папы Францішка, прамоўца падкрэсліў, што мы павінны імкнуцца абвяшчаць змест Евангелля ў тым асяроддзі, дзе жывем. Завяршаючы гамілію іерарх пажадаў, каб у сэрцы кожнага верніка заўсёды гарэў агонь Божай любові.
Далучаючыся да супольнай малітвы, кожны пілігрым маліўся таксама ва ўласнай інтэнцыі: за сваю сям'ю, за  родных і блізкіх, за парафію і святароў.

Напрыканцы Літургіі адбылося маёвае набажэнства, падчас якога перад Найсвяцейшым Сакрамантам супольна памаліліся Літаніяй да Маці Божай.
Пасля святой Імшы ахвотныя мелі магчымасць зрабіць фотаздымкі з арцыбіскупам і наведаць парафіяльную краму. Падсілкаваўшыся, вырушылі дадому.

На зваротным шляху наведалі касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі ў Параф’янаве. Святыня, якая пабудавана ў псеўдабарочным стылі, уразіла сваім аздабленнем. Прыгожыя вітражы, роспісы на сценах, дэкарацыі
— ва ўсім бачны клопат пра касцёл. Пілігрымаў сустрэў пробашч ксёндз Уладзімір Шымковіч, які крыху расказаў пра парафію і святыню. Для спадарыі Альдоны з Ідолта гэта сустрэча была вельмі радасная, бо ксёндз Уладзімір раней працаваў у яе роднай парафіі.
З цёплымі і прыемнымі ўражаннямі вярнуліся пілігрымы дадому. Падзява Дана, самая маладзейшая ўдзельніца пілігрымкі, з радасцю ўсміхалася, бо яна, як заўсёды, правяла свой вольны дзень разам з бацькамі. Крыху стомленая, але вельмі шчаслівая, выходзіла з аўтобуса і спадарыня Валерыя, якая мае ўжо 86 гадоў. 44 пілігрым рознага ўзросту яшчэ доўга не разыходзіліся. Многія накіроўваліся да пробашча парафіі ксяндза Андрэя Куліка, каб выказаць словы ўдзячнасці за цудоўную пілігрымку ў Будслаў, за тое, што ён разам маліўся і ўвесь час быў побач.
Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by