Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Тракельскай – апякункі сем’яў, не такі велічны, як узгаданыя вышэй святыні, але гэта месца, дзе адчуваеш сапраўдны супакой. Невялікі сціплы драўляны храм з цудадзейным абразом, дагледжаная навокал тэрыторыя, якая захавала прыгажосць беларускай прыроды, заахвочваюць да роздуму і набліжаюць да Пана Бога – Створцы свету.
У Тракелях адбылася Імша для пілігрымаў. Падчас гаміліі ксёндз Андрэй Кулік адзначыў, што наведваючы прыгожыя касцёлы, мы захапляемся іх гісторыяй, архітэктурай, веліччу. Уся знешняя прыгажосць храмаў і тэрыторыі прызначана ў першую чаргу каб прыцягнуць чалавека, але не як турыста.
"Прынцып Касцёла заключаецца ў тым, каб чалавек быў у доме Божым як у сваім уласным доме, успрымаў Пана Бога як Айца, а Маці Божую, як сваю Маці і прасіў іх заступніцтва ў штодзённым жыцці. Таму, з аднаго боку, мы захапляемся тым, што бачым, а з другога, – дзякуем Пану Богу за ўсіх тых людзей, якія пакаленні да нас будавалі святыні і захавалі іх да цяперашняга часу. Мы маем абавязак перадаць гэтую спадчыну нашым нашчадкам. Хай прыгажосць храмаў вядзе нас да прыгажосці і велічы Бога, якой мы хочам пакланяцца." – падкрэсліў святар.