WYSIWYG Web Builder
Велапілігрымка "Мёры-Браслаў"
16 жніўня адбылася велапілігрымка "Мёры-Браслаў" да  абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, якой кіраваў ксёндз Алег Зямчонак. 14 пілігрымаў за 5 гадзін паспяхова пераадолелі шлях у 40 км, каб пакланіцца Маці Божай і скласці ёй свае просьбы і падзякі.
Распачалася пілігрымка а 11-ай гадзіне супольнай малітвай ля касцёла, а затым вырушылі ў дарогу. У пілігрымцы на роварах бралі ўдзел не толькі нашы парафіяне, але таксама вернікі з Верхнядзвінска, Мосара, Мінска, Слабодкі, Польшчы і Расіі. Шлях у 40 км для велапілігрымкі невялікі, аднак з улікам таго, што сярод удзельнікаў было шмат дзяцей, найменшаму з якіх толькі 10 гадоў, тэмп перамяшчэння быў не вельмі хуткі з вялікай колькасцю прыпынкаў.


У Перабродзі пілігрымы падсілкаваліся абедам і аднавіўшы сілы накіраваліся далей.
У Іказні велапілігрымы крыху адхіліліся ад маршрута і наведалі касцёл Божага Цела, дзе краязнаўца Вітольд Ермалёнак, найстарэйшы удзельнік пілігрымкі, распавёў пра гісторыю святыні і парафіі.

Хутка ляцелі кіламетры, сонейка ласкава выглядала з-за прыгожых аблокаў, а лёгкі ветрык падганяў веласіпедыстаў. Неўзабаве быў Браслаў. Мёрскія пілігрымы былі першыя, хто прыбыў да санктуарыя. Ля галоўнага ўваходу ў святыню пілігрымаў прывіталі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, кусташ санктуарыя.
У гэтым годзе на ўрачыстасці ў Браславе прыбылі дзве велапілігрымкі (з Мёр і Паставаў), а таксама дзве пешыя пілігрымкі. З Удзела прыйшла экстрэмальная пакутніцкая пілігрымка на чале з айцом Віктарам Мялешкам OFMConv. Сямёра пілігрымаў за чатыры дні пераадолелі 120 кіламетраў, часта ідучы па бездарожжы. Увесь гэты шлях яны прайшлі ў поўным маўчанні, несучы на сабе ўсе свае рэчы і крыжы.

Пад кіраўніцтвам пробашча глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы ксяндза каноніка Мікалая Ціхановіча з Глыбокага ў Браслаў сёлета ішло 90 пілігрымаў. Наймалодшай удзельніцы ўсяго тры гадкі. За тры дні яны пераадолелі каля 80-і кіламетраў. Гэта была дзясятая юбілейная пілігрымка ў Браслаў.

Дарэчы, першая пілігрымка з Мёраў пад кіраўніцтвам пробашча нашай парафіі ксяндза Андрэя Куліка адбылася пяць гадоў назад.
Пілігрымка — гэта заўсёды пэўны досвед і вопыт. Гэта новыя сябры, супольная малітва і дух еднасці. Дзякуй усім, хто выйшаў з зоны камфорту і прыняў удзел у пілігрымцы, каб даць прыклад шчырай веры і любові да Маці Божай і Яе Сына — Езуса Хрыста.

Жанна Закрэўская, тэкст

Фота ўдзельнікаў пілігрымкі і з сайта Catholic.by

Абноўлена 19.08.2024
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by