WYSIWYG Web Builder
Велапілігрымка Мёры-Будслаў
4-5 ліпеня адбылася першая велапілігрымка "Мёры-Будслаў". 9 чалавек пад кіраўніцтвам ксяндза Алега Зямчонка за два дні пераадолелі каля 130 км, каб дасягнуць Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай. У пілігрымцы ўзялі ўдзел не толькі нашы парафіяне але таксама вернікі з Верхнядзвінска і Мосара.
4 ліпеня а 7-ай гадзіне раніцы пілігрымы сабраліся разам ля галоўнай брамы касцёла. Прадстаўнікі ДАІ правялі гутарку з удзельнікамі пілігрымкі і нагадалі правілы дарожнага руху на веласіпедах у складзе калоны. Пасля супольнай малітвы і бласлаўлення вырушылі ў дарогу да першага пункту прыпынку ў Новым Пагосце.
Крыху адпачнуўшы і памаліўшыся на ружанцы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы, накіраваліся да Шаркаўшчыны, дзе нас сустрэў пробашч парафіі ксёндз Віктар Сініцкі SCJ і гасцінна запрасіў на абед, які быў падрыхтаваны ў парафіяльным доме.
Мы былі не першая пілігрымка да Маці Божай, якую тут віталі, ды і з самой Шаркаўшчыны выйшла пешая пілігрымка на чале з вікарыем ксяндзом Генадзіем Лаўніковічам SCJ, каб у Паставах злучыцца ў агульную пілігрымку пад кіраўніцтвам айцоў-сэрцанаў.

Пасля пачастунку і адпачынку пілігрымы наведалі касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Ксёндз Віктар правёў невялічкую экскурсію па святыні і расказаў пра яе гісторыю.

Пасля агульнага фотаздымка на памяць вырушылі ў далейшы шлях. Шаркаўшчына на развітанне шчодра акрапіла на ліўневым дажджом, але гэтая акалічнасць не сапсавала бадзёрага настрою пілігрымаў. Усе разам узялі добры тэмп, што дало магчымасць крыху адхіліцца ад маршруту і наведаць Мястэчка Беззаганнай у Удзела.
Айцец Вальдэмар Куява OFMConv правёў для нас экскурсію па святыні і пазнаёміў с фотагісторыяй францішканскага кляштара ў Удзела.

Пасля супольнай малітвы на ружанцы накіраваліся ў бок Глыбокага. Па дарозе спыніліся ля мемарыяльнага комплексу "Барок"
, дзе знаходзяцца пахаванні яўрэяў, ваеннапалонных і мірных жыхароў, расстраляных падчас Вялікай Айчыннай вайны. На месцы смутку і жалобы памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці і Анёл Панскі за душы нявінна забітых.
Незаўважна праляцеў час і амаль 90 км шляху. Мы паспяхова дасягнулі меца начлегу ў Дзеркаўшчыне. У гэтай парафіі, да пераводу ў Мёры, 5 гадоў працаваў наш пробашч ксёндз Андрэй Кулік, які, дарэчы, разам з намі праехаў на веласіпедзе першы дзень пілігрымкі ад Мёр да Дзеркаўшчыны.

Пілігрымаў сустрэў і прывітаў разам са сваімі вернікамі пробашч парафіі ксёндз Валерый Орсік. А 18-ай гадзіне адбылася святая Імша, пасля якой нас смачна пачаставалі вячэрай і размеркавалі на начлег.
У другі дзень пілігрыкі да Будслава неабходна было пераадолець каля 40 км. Пасля гасціннага адпачынку ў гаспадароў і снядання на плябаніі, накіраваліся да мэты свайго пілірымавання. Надвор'е было зменлівым: то дождж, то свежы ветрык, які добра сушыў нашу вопратку.

Адпачыўшы і падмацаваўшыся абедам у Параф'янава мы вырушылі на Будслаў. На пад'ездзе да санктуарыя абміналі пешыя пілігрымкі Віцебскай дыяцэзіі да Маці Божай: Глыбокае, Браслаў, супольная пілігрымка айцоў-сэрцанаў (Шаркаўшчына, Паставы, Варапаева). Перад намі пры ўваходзе ў Нацыянальны санктуарый ужо сустракалі пілігрымку з Віцебска на чале з біскупам Алегам Буткевічам.

Пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік прывітаў таксама мёрскіх пілігрымаў і, акрапіўшы святой вадой, запрасіў у святыню.
Вось мы і на месцы свайго двухдзённага падарожжа. Схіліўшыся на калені накіроўваемся да абраза Маці Божай Будслаўскай. У кожнага пілігрыма ў гэты час свае думкі-малітвы да Багародзіцы. За гэты кароткі час, дзякуючы падтрымцы нашых святароў, мы, нягледзячы на розны ўзрост ад 15 да 70 гадоў, пасябравалі і сталі адной камандай, каб дасягнуць агульнай мэты — Будслаўскай святыні.
1982 пілігрымы з розных куточкаў Беларусі прынялі ў гэтым годзе ўдзел у паломніцтве да Будслава. На роварах на фэст ехалі велапілігрымы з Ашмянаў, Брэста, Гродна, Мінска, Мядзела і Мёраў. Пешшу прыйшло васямнаццаць пілігрымак. Найбольшую адлегласць (290 км) пяшком за дзевяць дзён пераадолелі пілігрымы з Баранавічаў, а самай вялікай была пілігрымка з Мінска, якую вялі айцы хрыстусоўцы — боль за 300 чалавек.

А 18-ай гадзіне адбылася святая Імша для пілігрымаў.


Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by