Трапны адказ на пытанне: "Што ж такое пілігрымка?" дае кардынал Краеўскі: "Пілігрымка — гэта дарога ў адпаведным накірунку, час на роздум і разважанне над тым, чым для мяне з'яўляецца Касцёл, якое месца я займаю ў гэтай супольнасці. Пілігрымка — гэта вызнанне маёй веры, і гэта — самае важнае."
Перш чым вырушаць у пілігрымку, неабходна вызначыцца — навошта? Пілігрымка — гэта не забава, а вельмі сур'ёзная рэлігійная справа. Трэба быць гатовым да выпрабаванняў, да адказу ад пэўных выгод, да строгай дысцыпліны, да магчымых непрадбачлівых сітуацый. Дзеля чаго я хачу ахвяраваць свой час і свае сілы? У кожнага можа быць свой адказ: каб падзякаваць Пану Богу за ласкі, якія Ён спасылае, каб памаліцца за сябе або сваіх блізкіх, каб разабрацца ў сабе і атрымаць духоўную падтрымку і г.д. Мэта (інтэнцыя) можа быць рознай, але яна абавязкова павінна быць, бо толькі тады выпрабаванні не будуць марнымі, а прынясуць багаты духоўны плён.
Маршрут і патрабаванні да ўдзельнікаў пілігрымкі
Пілігрымка на ровары патрабуе ад чалавека пэўных высілкаў. За першы дзень плануецца пераадолець каля 80 км. Начлег у Дзеркаўшчыне. На другі дзень шлях да Будслава складзе каля 50 км. Да ўдзелу ў пілігрымцы запрашаем асоб ад 15-ці гадоў і старэй, якія не маюць сур'ёзных фізічных захворванняў.
Што ўзяць у пілігрымку?
Малітоўнік і ружанец — гэта асноўныя атрыбуты пілігрыма, бо пілігрымка — гэта найперш малітва.
Трэба мець тэхнічна спраўны ровар, які адпавядае правілам дарожнага руху (фары белага колеру наперадзе і чырвонага ззаду). Неабходна падрыхтаваць адпаведнае адзенне і абутак, якое павінна быць зручным і сціплым. Абавядкова трэба ўзяць светаадлюстроўваючую камізэльку, дажджавік і галаўны ўбор.
Як і ў любое падарожжа, у пілігрымку неабодна ўзяць сродкі асабістай гігіены і лекі, асабліва тым, хто мае хранічныя захворванні.
Што класці ў заплечнік?
Пілігрым усе свае рэчы вязе з сабой. Акрамя згаданага вышэй, неабходна ўзяць бутэльку з чыстай вадой, яна лепш наталяе смагу, чым салодкія напоі. Перакус (сухое пячэнне, арэхі, садавіну, бутэрброды і інш.) з улікам надвор'я, каб не сапсавалася.
Запіс у пілігрымку ў сакрыстыі.
Жанна Закрэўская