WYSIWYG Web Builder
Прызначаны пяць юбілейных святыняў з нагоды святкавання 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі
Падчас сустрэчы святароў і кансэкраваных асоб 13 лістапада біскуп Алег Буткевіч аб’явіў аб прызначэнні пяці юбілейных святыняў з нагоды ўрачыстых юбілейных святкаванняў 25-годдзя ад заснавання Віцебскай дыяцэзіі, якія праходзяць у Беларусі з 12 лістапада 2023 г. па 1 снежня 2024 г.
Гэтымі святынямі сталі:

Катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску,

касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе – дыяцэзіяльны Санктуарый Маці Божай Браслаўскай,

касцёл святога Андрэя Баболі ў Полацку,

касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім,

касцёл святога Антонія Падуанскага ў Паставах.

Пастыр дыяцэзіі ўручыў пробашчам касцёлаў адпаведныя памятныя дошкі, якія павінны быць размешчаны на бачным месцы, каб кожны хто ўваходзіць у храм ведаў, што на бліжэйшы год гэтая святыня мае асаблівы прывілей.
Апостальская Пэнітэнцыярыя на моцы нададзеных ёй паўнамоцтваў Папам Францішкам з нагоды юбілейнага году ў дыяцэзіі надае ПОЎНЫ АДПУСТ усім вернікам любога абраду, якія сапраўды пакаюцца і выканаюць учынкі міласэрнасці. Поўны адпуст вернікі могуць атрымаць для саміх сябе, а таксама могуць ахвяраваць яго за душы вернікаў, што знаходзяцца ў чыстцы.

Для атрымання поўнага адпусту неабходна выканаць наступныя ўмовы:

прыступіць да сакраманту споведзі альбо быць у стане асвячальнай ласкі і не мець прывязанасці да граху, нават лёгкага;

прыняць Святую Камунію;

памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца малітвамі Ойча наш, Вітай, Марыя, Апостальскі Сімвал Веры;

наведаць з пілігрымкай юбілейныя касцёлы ў Віцебскай дыяцэзіі і там пабожна ўзяць удзел у юбілейных урачыстасцях, ці прынамсі правесці там адпаведны час у малітве або пабожных разважаннях, якія завершацца Малітвай Панскай (Ойча наш), Сімвалам Веры і заклікамі да Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Супакою і святога апекуна Язафата Кунцэвіча.

Пажылыя, нямоглыя, вязні і ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не можа выйсці з дому, змогуць атрымаць поўны адпуст, не маючы ніякай прывязанасці да граху, маючы намер выправіцца як мага хутчэй, выканаць тры звычайныя згаданыя вышэй умовы, і духоўна далучыцца да юбілейных святкаванняў, ахвяруючы міласэрнаму Богу ўласны боль ці нязручнасці жыцця.

Catholicnews.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by