Восьмы мастацкі пленэр завяршыўся ў Друі
22 жніўня святой Імшой і вернісажам завяршыўся Восьмы мастацкі пленэр у Друі, у якім прынялі ўдзел 25 мастакоў з усёй Беларусі. Цэлебрантам святой Імшы і ганаровым госцем імпрэзы стаў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
На пачатку святой Імшы пробашч парафіі Святой Тройцы ў Друі ксёндз Сяргей Сурыновіч прывітаў прысутных, а таксама выказаў словы падзякі ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі біскупу Алегу Буткевічу за яго ўвагу да мастацкай падзеі і звярнуўся з просьбай узначаліць Эўхарыстыю. У сваю чаргу Яго Эксцэленцыя адзначыў, што ўдзячны Пану Богу за магчымасць наведаць парафіяльную супольнасць у Друі і чарговы раз дакрануцца да мастацтва.

На святую Імшу сабраліся не толькі парафіяне, але і шматлікія госці: мастакі, іх родныя і блізкія, а таксама тыя, хто неабыякавы да жывапісу. Упрыгожыў Літургію сваімі спевамі парафіяльны хор пад кіраўніцтвам  Валянціны Віктараўны Казакевіч. 
У сваёй гаміліі да вернікаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначыў, што мастацтва дапамагае нам лепш зразумець Пана Бога, спрыяе больш поўнаму разуменню велічы яго стварэння.
Пасля Імшы пробашч парафіі ксёндз Сяргей Сурыновіч запрасіў прысутных на вернісаж, які быў арганізаваны ў будынку старадаўняга бернардынскага кляштара. Музычныя кампазіцыі ў выкананні вучняў Друеўскага філіяла ДУА "Браслаўская дзіцячая школа мастацтваў" пад кіраўніцтвам Валянціны Віктараўны Казакевіч адчынілі выставу. У выступленні прынялі ўдзел таксама яе ўнукі і дзеці суседзяў. Канцэртная праграма выклікала шмат станоўчых эмоцый у прысутных.
І нарэшце вернісаж... 25 мастакоў з усёй Беларусі прадставілі вынікі пленэру. Сярод удзельнікаў і тыя, хто толькі пачынае свой шлях у мастацтве, і знакамітыя мастакі: Алесь Суша, Аляксандар Грышкевіч, Уладзімір Хадаровіч...

Кожны працаваў у блізкім для яго стылі, аднак тэхніка выканання была агульнай — палатно-алей. Тэматыка работ вызначалася разнастайнасцю, усё залежыла ад творчага надхнення мастакоў. Адметнасцю вернісажу стаў арт-праект Сумаравай Кацярыны "Reservuarium". Падчас пленэру мастачка аб'ехала бліжэйшыя рэкі і азёры, дзе ўзяла па некалькі кропель вады для стварэння свайго праекта — рэзервуара з вадой.

Што ж аб'яднала розных па ўзросце, поглядах і  стылі пісьма творчых людзей? Як сведчаць самі мастакі, на друйскім пленэры ёсць усе неабходныя ўмовы для творчасці і прафесійнага росту. Асноўная заслуга ў гэтым яго арганізатара ксяндза Сяргея Сурыновіча. Святар, як асоба высокаадукаваная, неардыная і творчая, умее знайсці падыход да кожнага. З ім можна абмеркаваць як духоўныя пытанні, так і рабочыя моманты.  Гэта садзейнічае таму, што многія мастакі прыязджаюць на друйскі пленэр не першы год.
Як адзначыў ксёндз Сяргей Сурыновіч: "Сучаснае мастацтва, на жаль, часцей правакацыйнае ў адносінах да рэлігіі, таму асноўная мэта пленэрудыялог паміж рэлігіяй і мастацтвам."

Жанна Закрэўская, тэкст, фота, відэа.
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі