WYSIWYG Web Builder
Эўхарыстычная працэсія — публічнае вызнанне веры
2 чэрвеня пасля святой Імшы а 12-ай гадзіне адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, якую мы адзначалі ў мінулы чацвер. Уславіць Хлеб вечнага жыцця праз супольную малітву сабралася шматлікая колькасць вернікаў.
«Свята Эўхарыстыі» — менавіта такую першапачатковую назву мела ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца з ХІІІ стагоддзя. Эўхарыстычная працэсія з чатырма традыцыйнымі алтарамі з’явілася пазней. Першыя звесткі пра яе паходзяць з Германіі, з Кёльна, і адносяцца да ХIV ст.

Па традыцыі ў нашай парафіі першы алтар рыхтавалі бацькі дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі Першую святую Камунію, другі — моладзь, трэці — колы Жывога Ружанца, чацвёрты — удзельнікі Апостальства добрай смерці і Апостальства дапамогі душам чыстцовым.

Чатыры алтары сімвалізуюць чатыры бакі свету. З аднаго боку мы публічна аддаём пашану Езусу, укрытаму ў Найсвяцейшым Сакраманце, з іншагазапрашаем Яго таксама ў свой дом, у сваё жыццё. Мы просім аб тым, каб благаславіў нас, каб асвячаў наша жыццё.
У працэсіях, падчас якіх святар выносіць Найсвяцейшую Эўхарыстыю з касцёла, што суправаджаецца ўрачыстымі абрадамі і спевамі, хрысціяне даюць публічнае сведчанне сваёй веры і пабожнасці ў адносінах да Найсвяцейшага Сакраманту.

Гэтая праява супольнага выразу веры ў Бога, прысутнага ў Гостыі, уражвае велічнасцю і хараством: прыгожа аздобленыя алтары, харугвы, абразы, дзеці ў прыгожых строях, якія нядаўна прынялі Першую Камунію. Святар нясе ў манстранцыі Цела Хрыста, перад якім дзяўчынкі сыплюць кветкі і пялёсткі. Людзі ідуць у працэсіі за Хрыстом, сваім адзіным Правадыром, які паказвае шлях з часовага да вечнага жыцця.
Урачыстае святкаванне Божага Цела яшчэ раз нагадвае праўду пра тое, што найпрыгажэйшая і найбольш годная манстранцыя для Хрыста — гэта жывое сэрца чалавека, а найпрыгажэйшая працэсія — гэта набліжэнне да Яго, кульмінацыяй якога становіцца сустрэча са Збаўцам у святой Камуніі.
Хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да ўрачыстасці. Найперш тым, хто рыхтаваў алтары. Ахвяруючы свой час, яны з густам і любоўю аздаблялі месцы для публічнага ўшанавання Пана ў Найсвяцейшым Сакраманце.

Эўхарыстычная працэсія прайшла зладжана і прыгожа. У гэтым заслуга літургічнай службы алтара, кіраваў якой Эдуард Шэнда. Дзецьмі апекаваліся катэхетка Наталля Гарноўская і спадарыня Ганна Вайсковіч. Упрыгожыў урачыстую працэсію сваімі спевамі парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч.

Жанна Закрэўская

02.06.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by