У апошні дзень рэкалекцый айцец Аляксандр спыніўся на рысах і формах любові. Святар адзначыў, што найбольш эгаістычнай формай любові з'яўляецца мацярынская любоў. Часта жанчына, якая нарадзіла дзіця, лічыць яго сваёй поўнай уласнасцю і не дае магчымасці для яго незалежнага існавання нават у дарослым стане. Такая мацярынская гіперапека прыводзіць да сапраўднай трагедыі ў жыцці іх дзяцей. Любоў — гэта дар, а не жаданне падпарадкаваць сваім поглядам іншага чалавека. Яна не прымушае, не маніпуліруе і не фарсіруе.
Святы Фама Аквінскі казаў: "Любіць — гэта значыць рабіць дабро". Гэта адпавядае любой форме любові: мацярынскай, сяброўскай, паміж мужчынам і жанчынай. Калі мы кажам, што любім іншага чалавека, аднак думаем толькі пра сябе, то ў гэтым няма любові. Прыклад сапраўднай любові паказаў нам Бог, які аддаў Сына Свайго Адзінага на ўкрыжаванне, каб выбавіць грэшнага чалавек.
Завяршаючы рэкалекцыі айцец Аляксандр заўважыў, што для кожнага чалавека вялікае значэнне мае сяброўская любоў. Калі мы маем таго, з кім можам шчыра падзяліцца цяжкасцямі і перажываннямі, нам лягчэй пераадолець розныя жыццёвыя праблемы. Важна не толькі мець сапраўднага сябра але і быць ім. Каб быць сапраўдным сябрам, трэба ўвесь час вучыцца любіць.