У гэтым годзе ў пешай пілігрымцы "Друя-Росіца" прынялі ўдзел 110 чалавек з розных куточкаў Беларусі. Большасць пілігрымаў прайшлі ўвесь шлях ад пачатку, аднак былі і тыя, хто далучыўся да пілігрымкі падчас дарогі. Значная частка вернікаў дабіралася да росіцкага санктуарыя на аўтобусе або на ўласным транспарце. Незалежна ад таго, як прыбылі пілігрымы, іх сардэчна віталі ў Росіцы.
Як і штогод, айцы-марыяне падрыхтавалі даволі насычаную праграму, таму кожны мог выбраць малітоўную практыку па ўласным жаданні. Урачыстасці распачаліся святой Імшой для пілігрымаў, пасля яе адбыўся акафіст да росіцкіх мучанікаў, які ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек. Затым айцец Аляксандр Шамрыцкі МІС, капелан Місіі Добрага Самараніна, прамовіў канферэнцыю.
Адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту з малітвай праслаўлення правёў пробашч росіцкай парафіі айцец Аляксандр Жарнасек МІС. У гэты час ахвотныя маглі скарыстацца сакрамантам споведзі.