Абдымкі бясконцай міласэрнасці
У перыяд Вялікага посту — час пакаяння і навяртання — асаблівае значэнне набывае падрыхтоўка да сакраманту споведзі. Святы Айцец Францішак у сваім навучанні вельмі моцна падкрэслівае важнасць сакраманту пакаяння і паяднання. Папа адзначае, што ўдзельнічаць у сакраманце паяднання – значыць быць аточаным сардэчнымі абдымкамі: “гэта абдымкі бясконцай міласэрнасці Айца”.
Сакрамант пакаяння і паяднання быў устаноўлены Езусам, які даў апосталам уладу адпушчэння грахоў, а тыя перадалі яе святарам. Езус сказаў апосталам: “Прыміце Духа Святога, каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца” (пар. KKK 1461-1462).

Споведзь — гэта папулярная назва сакраманту пакаяння і паяднання. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла называе яго таксама:

сакрамантам навяртання, бо ў ім здзяйсняецца заклік Хрыста да навяртання, вяртання да Айца, ад якога чалавек аддаліўся праз грэх;

сакрамантам пакаяння, бо ён паказвае асабісты і касцёльны шлях да навяртання, скрухі і кампенсавання з боку хрысціяніна, які ўчыніў грэх;

сакрамантам споведзі, бо прызнанне ў грахах – споведзь з грахоў перад святаром – з’яўляецца яго істотным элементам, а ў больш глыбокім сэнсе ў ім прызнаецца і праслаўляецца святасць Бога і Яго міласэрнасць да грэшнага чалавека;

сакрамантам прабачэння, бо праз разграшэнне святара Бог дае таму, хто каецца, прабачэнне і супакой;

сакрамантам паяднання, паколькі дае грэшніку Божую любоў, якая прыносіць паяднанне: “Паяднайцеся з Богам” (2 Кар 5, 20); той, хто жыве міласэрнай любоўю Бога, гатовы адказаць на заклік Пана: “Ідзі спачатку памірыся з братам сваім” (Mц 5, 24) (KKK 1423-1424).

Святы Ян Багаслоў нагадвае нам: "Калі кажам, што не маем граху, — ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды" (пар. 1 Ян 1, 8). Новае жыццё, атрыманае праз сакраманты хрысціянскага ўтаямнічвання — хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю, не выключыла ані крохкасці і слабасці чалавечай натуры, ані яе схільнасці да граху. Таму споведзь з'яўляецца вялікім дарам міласэрнага Бога, бо Ён дае нам яе ў сваім Касцёле як дасканалы лек для душы і дзейсную дапамогу на шляху да збаўлення
(паводле "Падрыхтоўка да споведзі", кс.Міхаіл Сапель, "Про Хрысто", 2005г.).
Каб споведзь была добрай, гэта значыць сапраўднай, трэба захаваць 5 наступных умоў:

1. Рахунак сумлення – гэта разгляд сваёй маральнасці (учынкаў, слоў, думак, абавязкаў, духоўнага натхнення) у святле Божага слова. Перад рахункам сумлення трэба папрасіць святла Духа Святога, каб у ім спазнаць усе свае грахі і правіны. Для таго, каб робячы рахунак сумлення перад споведдзю, не прапусціць чагосьці важнага, можна карыстацца прыкладнымі пытаннямі, якія ёсць у малітоўніку "Ойча наш" або інш.

2. Шчырая скруха за грахі. Скруха – гэта душэўны боль і пагарда да здзейсненага граху. Яна заключаецца ў прызнанні праўды пра самога сябе і свае ўчынкі (параўн. KKK 1451). * Скруха з любові да Бога называецца дасканалай скрухай (параўн. ККК 1452). Скруха з усведамлення агіднасці граху або са страху перад вечным праклёнам ці іншымі пакараннямі, якія могуць напаткаць грэшніка, называецца недасканалай. Тым не менш, яна спрыяе таму, каб атрымаць прабачэнне цяжкіх грахоў у сакраманце пакаяння (параўн. ККК 1453).

3. Цвёрды намер выправіцца. З’яўляецца дабравольным, свядомым і канкрэтным рашэннем не грашыць больш у будучыні (параўн. ККК 1451). * Калі гэтага намеру няма або не можа быць (напрыклад, вернік знаходзіцца ў сужыцці з кімсьці, жыве без сакраманту шлюбу), сакрамант пакаяння становіцца несапраўдным, а далейшае прыняцце Камуніі цягне за сабой смяротны грэх блюзнерства.

4. Шчырая споведзь. Складае асноўную частку сакраманту. Вернік павінен пералічыць усе смяротныя грахі, якія ён усведамляе ў сябе пасля сур’ёзнага рахунку сумлення (параўн. ККК 1456). * Тыя, хто свядома ўтойвае якіясьці грахі, робяць гэты сакрамант несапраўдным, а далейшае прыняцце імі Камуніі цягне за сабой смяротны грэх блюзнерства.

5. Кампенсацыя за грахі Богу і бліжняму. Нашы грахі наносяць крыўду Богу і бліжняму. Адпушчэнне здымае грэх, але не выпраўляе непарадку, выкліканага грахом (ККК 1459). * Пакута (або кампенсацыя за грахі Богу), якую ўскладае святар, павінна адпавядаць цяжкасці і прыродзе здзейсненых грахоў. Яна можа заключацца ў малітве, у прынашэнні, у справах міласэрнасці, у служэнні бліжняму, у дабравольных пазбаўленнях, у ахвярах, а галоўнае – у цярплівым прыняцці Крыжа (такая пакута дапамагае прыпадобніцца да Хрыста, які адкупіў усе нашы грахі раз і назаўсёды) (ККК 1460). Трэба таксама зрабіць усё магчымае, каб пакрыць крыўду бліжняму (напрыклад: вярнуць скрадзеныя рэчы, аднавіць рэпутацыю абгаворанага чалавека, загладзіць крыўды). Гэтага патрабуе простая справядлівасць (параўн. ККК 1459).

Паводле 
Grodnensis.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by