У Новым Пагосце адбыўся парафіяльны адпуст
На 17 верасня ў літургічным календары прыпадае свята Стыгматаў святога Францішка Асізскага. У парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Пагосце — гэта парафільная ўрачыстасць, якая мае багатую гісторыю і традыцыі.
14 верасня 1224 года ў свята Узвышэння Крыжа, падчас малітвы на гары Альверна (Італія), св.Францішак атрымаў стыгматы — балючыя крываточачыя раны, якія імітуюць раны Езуса Хрыста. Стыгматы былі пацверджаны папам Бенедыктам ХІ.

У 1337 годзе ў Францыі на генеральнай капітуле айцоў-францішканаў было ўстаноўлена свята Стыгматаў св.Францішка, якое адзначалася 17 верасня і першапачаткова існавала толькі ў межах закону. У ХVІ стагоддзі, па просьбе кардынала св.Лабэрта Беларміна, папа Павел V распаўсюдзіў яго на ўвесь Касцёл.

У Новым Пагосце свята пачало адзначацца з пачатку ХІХ стагоддзя, калі ў парафіі працаваў а.Філіцыян Залескі, францішканін з кляштара ў Дзісне. Урачыстасці папярэднічала 40-гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.  Сёння для маленькай вясковай парафіі, якая складаецца пераважна з людзей старэйшага ўзросту, падтрымліваць такую традыцыю стала складана, таму было прынята рашэнне скараціць час адарацыі.
17 верасня а 8-ай гадзіне парафіяне сабраліся ў святыні, каб супольна памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамантам за сябе і сваіх блізкіх, за тых, хто праз хваробу не змог удзельнічаць ва ўрачыстасці, за сваю Айчыну, за мірнае вырашэнне канфліктаў паміж дзяржавамі.

А 12-ай гадзіне распачалася святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Павел Самсонаў з Паставаў.
У сваёй гаміліі ксёндз Павел заахвоціў вернікаў на ўзор св.Францішка адкрыць свае сэрцы Пану Богу, імкнучыся будаваць сваё жыццё так, каб Бог заўсёды быў у нас на першым месцы. Святар заўважыў: "Збіраючыся сёння на парафіяльнай урачыстасці мы ўглядаемся ў Крыж, у раны Хрыста, з якіх выцяклі кроў і вада, якія абмылі чалавека з граху, якія ўмацоўваюць чалавека на жыццёвым шляху. Таму мы не павінны баяцца ўзяць адказнасць за сябе, за свае ўчынкі і даверыцца Божаму провіду ў кожнай справе на хвалу Пану Богу".
Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, перад якім супольна памаліліся Літаніяй да св.Францішка, а затым праславілі Бога спевам Te Deum. Завяршылася ўрачыстасць гімнам "Магутны Божа".

Жанна Закрэўская
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі