Адпустовая ўрачыстасць і юбілей стварэння парафіяльнай групы АДДЧ
12 лістапада а 12-ай гадзіне адбылася адпустовая святая Імша ва ўрачыстасць св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка. Узначаліў Эўхарыстыю ксёндз Славамір Самковіч, душпастыр груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым Віцебскай дыяцэзіі, які прыехаў на сустрэчу нашай парафіяльнай групы з нагоды яе пяцігадовага юбілею.
Напачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік прывітаў усіх прысутных, а затым звярнуўся  да ксяндза Славаміра Самковіча з просьбай узначаліць Эўхарыстыю. Гамілію прамовіў ксёндз Вячаслаў Адамовіч.

Сваё казанне святар распачаў з біяграфіі св.Язафата Кунцэвіча, спыніўшыся на асноўных момантах жыцця біскупа і мучаніка. Далей ксёндз Вячаслаў адзначыў: "Касцёл навучае, што святыя з'яўляюцца для нас прыкладам. Якім прыкладам можа быць для нас святы Язафат сёння, мучанік, прапаведнік, а перад усім веруючы чалавек? Менавіта прыкладам інтузіяста веры. Ярка гарэць сваёй верай і сваёй любоўю да Пана Бога, нягледзячы не на што старанна і аданна яму служыць. Бог ад нас не патрабуе, каб мы панеслі мучаніцкую смерць, хоць хрысціяне ва ўсім свеце церпяць і сёння праліваюць кроў. Але канкрэтна нас Пан Бог не вымагае да такога сведчання. Нам з вамі пашанцавала, ад нас патрабуюцца простыя рэчы — быць вернымі Богу ў малым. Выконваць тое, што нам належыць дзесяць Божых прыказанняў, а таксама рэгулярна спавядацца, прымаць святую Камунію, імкнуцца жыць у стане асвятальнай ласкі і дзень святы святкаваць. У гэтых малых рэчах ёсць наша з вамі святасць."
"Не трэба праліваць кроў, трэба проста любіць Пана Бога і сваё жыццё кіраваць так, каб кожным сваім дзеяннем Пана Бога праслаўляць. Каб кожны наш чын, кожнае наша слова прыносіла хвалу Пану Богу" — падсумаваў святар.
Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту.  Падчас адарацыі памаліліся Літанію да Маці Божай і праспявалі гімн "Цябе, Божа, праслаўляем".
Сустрэча для ўдзельнікаў Апостальства прадоўжылася ў катэхетычнай зале за кубкам гарбаты. Напачатку аніматарка парафіяльнай групы Марыя Макарэвіч распавяла пра гісторыю і развіццё Апостальства ў нашай парафіі, а затым выказала словы ўдзячнасці ксяндзу Славаміру Самковічу за яго душпастырскую падтрымку і кіраванне. Ад імя парафіяльнай групы Апостальства дапамогі душам чыстцовам яна павіншавала ксяндза Славаміра з гадавінай святрарскіх пасвячэнняў, якая прыпадае якраз на 12 лістапада.

У ходзе спаткання ўдзельнікі Апостальства абмеркавалі вынікі дыяцэзіяльнай сустрэчы ў Браславе, падзяліліся ўласным сведчаннем веры.

Жанна Закрэўская
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі