Што можна рабіць з асвечанай вадой?
Паводле каталіцкай традыцыі, асвечаная вада належыць да сакраманталіяў. Чым з’яўляюцца сакраманталіі? Як кажа нам Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, гэта прадметы або дзеянні, якія, дзякуючы малітве Касцёла, указваюць на духоўныя даброты і асвячаюць штодзённае жыццё веруючага чалавека, рыхтуючы яго да больш глыбокага прыняцця і перажывання канкрэтнага сакраманту.
Асвечаная вада, бласлаўлёная біскупам, прэзбітэрам або дыяканам, – традыцыя, якая існуе ў гісторыі хрысціянства з ІІ стагоддзя. У Старым Запавеце святая вада мае ачышчальную моц, а ў Новым Запавеце – асвячальную, звязаную з хростам Езуса ў водах Іардана.

У Святы Пасхальны Трыдуум, а дакладней у Вялікую суботу, бласлаўляецца вада для хросту, і вернікі могуць узяць яе дадому і карыстацца ёю, робячы знак крыжа, змачыўшы ў ёй пальцы, а таксама спажываць яе на працягу дня, перад гэтым зрабіўшы знак крыжа.

Акрамя таго, вернік можа на працягу ўсяго года папрасіць святара блаславіць ваду для ўласнага карыстання дома. У нашых каталіцкіх святынях такая вада стаіць перад уваходам у касцёл у спецыяльных крапільніцах, каб, уваходзячы, кожны мог зрабіць знак крыжа, змачыўшы ў ёй пальцы. Гэта сімвал уласнага хросту, які мы атрымалі ад Бога.

Асвечаная вада выкарыстоўваецца для сакраманту хросту, бласлаўлення страў на велікодны стол і аплаткаў на вігілійны стол, бласлаўлення кадзіла і крэйды ў свята Аб’яўлення Пана, бласлаўлення пальмовых галінак, зёлак у свята Маці Божай Зельнай і грамнічных свечак у свята Маці Божай Грамнічнай, бласлаўлення абразоў, рэлігійных прадметаў, а таксама падчас шлюбу для бласлаўлення пярсцёнкаў. Яна выкарыстоўваецца падчас экзарцызмаў і бласлаўлення памяшканняў у доме або іншых месцах. Такім чынам, мы бачым, як шануецца святая вада ў нашым штодзённым рэлігійным жыцці.

Калі вада доўга стаіць, яна можа атрымаць непажаданы асадак або сапсавацца і мець непрыемны пах. Такую святую ваду трэба выліць у годнае месца – гэта можа быць агарод або вазон з кветкамі. Нельга выліваць яе ў ракавіну. Да кожнай бласлаўлёнай рэчы павінна быць павага.

СЛОВА ЖЫЦЦЯ
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by