WYSIWYG Web Builder
У Мёрах прайшоў адкрыты турнір Віцебскай дыяцэзіі па міні-футболе сярод міністрантаў
11 ліпеня з нагоды юбілею 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі ў Мёрах прайшоў адкрыты турнір па міні-футболе сярод міністрантаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел чатыры каманды з трох дыяцэзій: Віцебскай, Гродзенскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Прыняць удзел у спаборніцтвах акрамя гаспадароў пажадалі каманды міністрантаў з Глыбокага,  Гервятаў (Гродзенская дыяцэзія) і Маладзечна (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Праграма турніру распачалася ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе ўдзельнікаў спаборніцтва прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Пасля супольнай малітвы і бласлаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам, краязнаўца Вітольд Ермалёнак пазнаёміў прысутных з гісторыяй мёрскай парафіі і касцёла.
Затым адбылася жараб'ёўка каманд, якую правялі біскуп Алег Буткевіч і пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік. Вызначыўшыся з ходам гульні, усе разам накіраваліся на стадыён Міёрскай сярэдняй школы №3, дзе ўжо сабраліся гледачы і госці імпрэзы.

Прысутных на спартыўнай пляцоўцы прывітаў ініцыятар спаборніцтва
вікарый ксёндз Алег Зямчонак. Права распачаць турнір і забіць першы гол атрымаў біскуп Алег, якому арганізатары турніру падаравалі адмысловую футболку гульца з першым нумарам.
Пасля таго, як суддзі Алег Грыгаровіч, Андрэй Чарняўскі і Анатолій Заяц нагадалі ўдзельнікам правілы спаборніцтваў, распачаліся матчы паміж камандамі.

Першымі гулялі госці дыяцэзіі
— Гервяты і Маладзечна, якія задалі бадзёры тон спаборніцтву і паказалі даволі высокі ўзровень гульні. Брамнікі старана выконвалі свае абавязкі і доўгі час лік быў нічыйны. Па выніках двух таймаў перамаглі міністранты з Маладзечна.

Наступнымі на поле выйшлі каманды з Глыбокага і Мёраў. Барацьба была сур'ёзнай. Глыбоцкія міністранты моцна трымалі абарону, аднак перавага была на баку міярчан.

Нягледзячы на тое, што ўсе наступныя матчы былі не менш напружанымі, на стадыёне панаваў добразычлівы і радасны настрой. Каманды падтрымлівалі адзін аднаго, а гледачы шчыра радаваліся забітаму голу і перажывалі ў выпадку няўдачы.
Гульня была настолькі цікавай, што першы этап спаборніцтва праляцеў незаўважна. Каб падмацаваць сілы перад выніковымі матчамі, удзельнікі спаборніцтва накіраваліся на абед, які быў арганізаваны ў сталовай  ААТ "Металапракатная кампанія".
Пасля невялікага адпачынку на стадыёне распачалося спаборніцтва за 3-яе месца паміж Гервятамі і Глыбокім. Гульня была даволі напружанай. Не абыйшлося нават без пенальці. У складанай барацьбе перамогу атрымала самая маладая па ўзроставым складзе каманда з Гервятаў.

Усе з хваляваннем чакалі фіналу. Каманды з Мёраў і Маладзечна не падвялі гледачоў і прадэманстравалі свае лепшыя здольнасці. Абедзве каманды гулялі дакладна і зладжана, аднак па выніках двух таймаў перамаглі гаспадары турніру.
Гульня завяршылася і настаў хвалюючы момант падвядзення вынікаў. Бронзавыя медалі ў І турніры Віцебскай дыяцэзіі па міні-футболе заваявала каманда міністрантаў з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, а сярэбраныя — каманда міністрантаў з парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Залатыя медалі і кубак турніру атрымалі гаспадары спаборніцтва — каманда міністрантаў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах. Усе ўдзельнікі спаборніцтва атрымалі дыпломы і падарункі, спонсарам якіх стаў Нацыянальны Карытас на чале з яго дырэктарам ксяндзом канонікам Андрэем Аніскевічам.

Падчас турніру міністранты спаборнічалі не толькі на футбольным полі, але і прадэманстравалі свае здольнасці  ў веданні Літургіі і Святога Пісання. Лепшымі ў конкурсе Літургічных ведаў сталі міністранты з Глыбокага, другое месца
  Мёры, трэцяе Маладзечна.
Арганізатары спаборніцтва выказваюць словы ўдзячнасці Нацыянальнаму Карытас, адміністрацыі Міёрскай сярэдняй школы №3 і ўсім валанцёрам за дапамогу ў правядзенні турніру па міні-футболе.


Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by